«Зарплата вырасце ў два разы». З'явілася выбарчая праграма Лукашэнкі
04.08.2020 / 01:33
На сайце газеты «Звязда» апублікаваная перадвыбарчая праграма Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Разам за Беларусь!». Адметна, што выданне з'явіцца ў кіёсках толькі ў дзень пачатку датэрміновага галасавання.
Вось як выглядаюць асноўныя тэзісы праграмы ў кароткім пераказе. Дакладныя цытаты пададзеныя ў двухкоссях.
- «Будзе абвешчаны рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю, на ім вызначаць «паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады».
- «Асноўную ўвагу аддадзім новай якасці адукацыі і яе адаптацыі да патрэб жыцця грамадства». На экзаменах будуць і тэсціраванне, і сумоўе.
- Шокавай тэрапіі не будзе, чакаецца «ўдасканаленне таго, што створана». Сярэдні заробак за 5 гадоў вырасце ўдвая.
- Абяцаюцца роўныя магчымасці для прыватных і дзяржаўных кампаній.
- Важна ліквідаваць залежнасць краіны ў нафтагазавай, фінансавай і іншых сферах.
- Будзем ствараць «зялёную эканоміку» (экапрадукты, электратранспарт, аднаўляльная энергія).
- Асаблівую ўвагу нададуць рэгіёнам і асабліва вёскам. Там будуць ствараць інфаструктуру і падымаць «сацыяльныя стандарты».