«На працягу паўгода будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер. А пасля новыя выбары» — праграма Святланы Ціханоўскай
04.08.2020 / 01:43
Святлана Ціханоўская апублікавала выбарчую праграму «Краіна для жыцця. Краіна для нашых дзяцей». У ёй кандыдатка расказвае гісторыю свайго арыштаванага мужа Сяргея Ціханоўскага, таксама абяцае правесці новыя прэзідэнцкія выбары і рэферэндум аб Канстытуцыі на працягу паўгода.
Святлана Ціханоўская, фота Надзеі Бужан
«Пасля маёй перамогі на выбарах на працягу пераходнага перыяду краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэннем тых, хто груба і адкрыта парушаў закон. Тых, хто сыдзе ў адстаўку, заменяць прафесіяналы з ліку дзяржаўных служачых», — адзначае Ціханоўская.
«Я прызначу правядзенне рэферэндуму з прапановай вярнуцца да першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 года, якая скарачае паўнамоцтвы прэзідэнта, устанаўлівае абмежаванне на колькасць тэрмінаў знаходжання на пасадзе і забяспечвае падзел улад. Рэферэндум будзе праводзіцца адначасова з выбарамі прэзідэнта.
Я аднаўлю законнасць у сферы крымінальнага і адміністрацыйнага працэсу. Справы ў дачыненні да палітвязняў будуць спыненыя. Правядзём амністыю для тых, хто ўпершыню ўчыніў няцяжкія злачынствы, у тым ліку для дзяцей, асуджаных па артыкуле 328. Усе неправасудныя прыгаворы і пастановы за перыяд выбарчай кампаніі будуць адменены з вяртаннем выплачаных штрафаў і выплатай кампенсацый пацярпелым. Для забеспячэння наглядных функцый на пераходны перыяд мною будуць прызначаны новы генеральны пракурор і новы старшыня Вярхоўнага суда», — гаворыцца ў праграме.
Пасля Ціханоўская тлумачыць, што разумее пад выразам «вярнуць краіну людзям» — ствараць рабочыя месцы ў Беларусі, даць магчымасць працаваць і зарабляць, зняць бар'еры для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу.
«Незалежнасць — наша абсалютная каштоўнасць, мы яе не прадаём, не гандлюем, не абмяркоўваем. Мы павінны стварыць партнёрства на роўных, а не залежнасць ад газавай або крэдытнай «іголкі»», — падсумоўвае Ціханоўская.