Ціханоўская адказала Лукашэнку на словы аб «трох няшчасных дзяўчынках»
04.08.2020 / 20:48
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў адказ на прамову кіраўніка дзяржавы нагадала, як яна з паплечніцамі была вымушана ўступіць у кампанію. Лукашэнка раней заявіў, што яго суперніца і яе каманда не ведаюць, пра што гавораць, піша РБК.
Фота Надзеі Бужан
«Што вы робіце? Знайшлі трох няшчасных дзяўчынак… Яны ж не разумеюць, што яны чытаюць. Што вы ім пішаце: выпусцім палітыкаў, эканамістаў, наркаманаў і крымінальнікаў, правядзём сумленныя выбары і будзем жыць… Яны ж не разумеюць, што гавораць і што робяць», — заявіў Лукашэнка.
«Я не глядзела цалкам яго зварот, але гэтыя словы чула. Пра якія сілы ідзе гаворка, сказаць не магу, хто там збіраецца што дэстабілізаваць… Але пра тое, што тры дзяўчынкі, ну не схлусіў жа… Тры баявыя сяброўкі, тры паплечніцы — так атрымалася, што давялося ўстаць замест сваіх мужчын», — пракаментавала РБК Святлана Ціханоўская словы Лукашэнкі.