У Століне, Янаве, Драгічыне і Івацэвічах пляцоўкі для пікетаў «аддалі» прыхільнікам Лукашэнкі

04.08.2020 / 21:43

Ва ўсіх пералічаных гарадах адзіныя пляцоўкі для правядзення перадвыбарных пікетаў аддалі прыхільнікам Лукашэнкі. У рэдакцыю «Медыя-Палессе» паступілі новыя сведчанні таго, што на Палессі кандыдатам у прэзідэнты створаны няроўныя магчымасці для правядзення перадвыбарчай агітацыі.

Адзіныя пляцоўкі, дзе можна праводзіць пікеты ў падтрымку кандыдатаў, аддадзены давераным асобам Аляксандра Лукашэнкі. На ўсе, што засталіся да выбараў, дні. Агітаваць за дзейнага кіраўніка дзяржавы яны настроены штодня з самае раніцы да позняга вечара.

І каб альтэрнатыўным кандыдатам правесці там свае мерапрыемствы, неабходна атрымаць у супернікаў адабрэнне і ўзгадніць дату і час. Без іх згоды райвыканкамы не могуць выдаць дазвол на пікет у падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.