«Скажыце яму, што мы не хочам вайны»: Ціханоўская просіць Меркель заклікаць Лукашэнку да сумленных выбараў
05.08.2020 / 10:23
Фота Надзеі Бужан
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская папрасіла канцлера Германіі Ангелу Меркель звязацца з Аляксандрам Лукашэнкам і перадаць яму яе словы. Гэтую просьбу Ціханоўская выказала ў інтэрв'ю газеце Bild, якое тая апублікавала на сваім сайце ў аўторак, піша Deutsche Welle.
«Скажыце яму, што мы не хочам вайны. Усё, што мы хочам — гэта сумленныя выбары. Нам надакучыла, што намі кіруе гэты дыктатар. Мы стаміліся», — звярнулася Ціханоўская да кіраўніка нямецкага ўрада.
Суразмоўца выдання прызналася, што баіцца, бо бачыць, што беларускі лідар «гатовы зрабіць, каб застацца ва ўладзе». Яна дадала, што страх стаў яе «пастаянным спадарожнікам».
Святлана Ціханоўская нагадала, што як толькі абвясціла, што будзе балатавацца замест мужа, які знаходзіўся ў той момант у СІЗА, ёй быў ананімны званок. Невядомы папярэдзіў, што «калі яна не адкліча сваю кандыдатуру, яе пасадзяць у турму, а яе дзеці патрапяць у дзіцячы дом». Пасля гэтага Святлана пераправіла дзяцей у бяспечнае месца за мяжой.