У Калінкавічах усім, хто прагаласуе датэрмінова, абяцаюць бясплатныя квіткі ў кіно і на батут
05.08.2020 / 12:33
У Калінкавічах людзей стымулююць галасаваць датэрмінова — наўзамен голаса прапануюць бясплатна квіткі ў кіно, на батут і ў дзіцячы пакой, паведамляе Tut.by.
Гэтую аб'яву сфатаграфавалі на дзвярах кінатэатра «Знамя» ў Калінкавічах, дзе з учорашняга дня размясціўся таксама і ўчастак для галасавання № 7.
Alex Dziam
У кінатэатры TUT.BY пацвердзілі: «Так, прыходзіце, галасуеце і атрымліваеце білет. Адзін голас — адно запрашэнне. Можаце адразу з дзеткамі прыходзіць з дзесяці да двух і з чатырох да сямі», — ветліва запрасілі ў касе кінатэатра.
Старшыня Калінкавіцкай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Алена Дзяргач паведаміла, што аб такой ініцыятыве на ўчастку ёй нічога не вядома. А потым выказала здагадку: «Можа быць, і ў асноўны дзень выбараў будзе такая акцыя, адкуль вы ведаеце?»
Калі так, то гэта, вядома, добра. Галоўнае, каб кінатэатр «Знамя» вытрымаў 9 жніўня наплыў усіх жадаючых.
Дарэчы, у першы дзень датэрміновых выбараў, па дадзеных ЦВК, на Гомельшчыне рэкордны працэнт яўкі, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі — у рэгіёне 4 жніўня прагаласавала 7,55% выбаршчыкаў.