З выбарчай камісіі ў Мінску ўсё ж выключылі настаўніцу з фальшывымі подпісамі

06.08.2020 / 13:16

Месяц таму «Наша Ніва» расказвала, як у выбарчыя камісіі ўключаюць сваіх людзей у абыход закону. На ўчастку №42 Першамайскага раёна Мінска ў дзвюх настаўніц, якія вылучаліся ад грамадзян, супалі ўсе 10 подпісаў. Але яны аказаліся ў складзе камісіі.

Гэта грубае парушэнне заканадаўства. Згодна з артыкулам 35 Выбарчага кодэкса, грамадзяне могуць вылучаць у камісію толькі па адным прадстаўніку.

А адна з настаўніц — Вераніка Гарбачова — адкрыта прызналася: ніякія подпісы яна не збірала.

Чытайце. «Я не збірала подпісы». Дзвюх настаўніц уключылі ў выбарчую камісію ў абыход закону

Адметна, што другую настаўніцу — Галіну Рэпіну — са складу камісіі ў выніку выключылі. На сайце адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы апублікавана рашэнне ад 30 чэрвеня, паводле якога склад камісіі зменшылі з 13 да 12 чалавек і прыбралі адтуль Рэпіну.

Настаўніца геаграфіі 61-й школы Мінска Галіна Рэпіна. Фота з «Аднакласнікаў»

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да старшыні ўчастковай камісіі Аксаны Пятровіч. Але яна кінула слухаўку, як толькі пачула пра журналістаў. Не стаў нічога тлумачыць і старшыня раённай камісіі Дзмітрый Шашок (ён жа кіраўнік Першамайскага раёна), спаслаўшыcя на шалёную занятасць у гэтыя дні.

НЛ