Фэйкавы канал ад імя Пракоп'ева распаўсюджвае тонкія фэйкі
06.08.2020 / 15:19
Афіцыйны тэлеграм-канал рэстаратара, які стаў папулярным блогерам, — гэта t.me/RealVadimProkopiev. А фэйкавы канал мае іншы адрас.
«Митинг отменен. Власти не дадут согласия на официальное проведение! Это достоверная информация», — такая інфармацыя была распаўсюджаная каналам, які нібы належыць бізнэсоўцу Вадзіму Пракоп'еву.
Многія пачалі шэрыць яе ў сваіх сацсетках.
Але калі прыгледзецца, то афіцыйны тэлеграм-канал рэстаратара, які стаў папулярным блогерам, — гэта https://t.me/RealVadimProkopiev. А той, які пашыраў дадзеную інфармацыю, мае іншы адрас.
Вялікі-мітынг канцэрт у парку Дружбы Народаў быў запланаваны на 6 жніўня камандай Святланы Ціханоўскай яшчэ тры тыдні таму. Аднак пасля таго як папярэдні мітынг Ціханоўскай там сабраў амаль 70 тысяч удзельнікаў, улады прыдумалі на гэтым месцы штодзённыя канцэрты. Гэта абсалютна пярэчыць заканадаўству, бо гэта адна з нешматлікіх пляцовак, прадугледжаных для выбарчых пікетаў. Зрэшты, улады занялі ўсе пляцоўкі ў горадзе.
Ціханоўская, каб пазбегчы правакацый, вырашыла сёння не склікаць людзей у парк Дружбы Народаў, а наведаць недалёкі Кіеўскі сквер а 19-й. Там адбудзецца свята «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі».
А што ж фэйкавы канал «Пракоп'ева»? Ён заклікае «после работы всем, кто поддерживает Светлану Тихановскую и хотел пойти на митинг — пойти в церкви. Помолиться за нее, материализовать свое желание в святых стенах».