У Мінску затрымалі яшчэ аднаго назіральніка. Сябар: «Ён ужо на Акрэсціна, далі 12 сутак»
06.08.2020 / 20:52
У Мінску затрымалі яшчэ аднаго назіральніка. Ілля Разбойнікаў знаходзіўся каля сярэдняй школы № 191 на вуліцы Гарадзецкай. Пра гэта TUT.BY паведаміў яго сябар.
Ілля Разбойнікаў на фота справа
Ілля Разбойнікаў быў назіральнікам на 47-м участку, які знаходзіцца ў сярэдняй школе № 191, што на вуліцы Гарадзецкай.
4 жніўня з ім размаўляў TUT.BY — тады Іллю і іншага назіральніка Юрыя Браўэра з 49-га ўчастка выправадзілі з будынка, на падставе таго, што яны перашкаджаюць вартаўніку.
У выніку ў той дзень назіральнікі лічылі тых, хто прыйшоў на ўчасткі, стоячы ля ўваходу ў школу.
Сёння каля 11 гадзін раніцы Іллю затрымалі. Ягоны сябар Мікіта звязаўся з рэдакцыяй і распавёў, што яму вядома.
— Відавочцы распавядаюць, што Ілля разам з іншымі назіральнікамі стаялі каля ўваходу на ўчастак, нікога не чапалі. У нейкі момант прыйшлі два чалавекі ў цывільным і мэтанакіравана пайшлі ў бок Іллі. Размаўлялі, дыялог ніхто не чуў, але праз некаторы час яго павялі ў бок. Супраціў Ілля не аказваў, ні з кім не лаяўся. Гэта добра відаць на відэа, якое паспелі зняць.
Пасля абеду сваякам удалося даведацца, што Ілля ў Першамайскім РУУС. Паводле інфармацыі сябра, потым яго павезлі ў суд, а адтуль — у ізалятар на Акрэсціна.
— Нам вядома, што яму прыпісалі «хуліганку» і «супраціў» і па кожным артыкуле далі шэсць сутак, усяго 12. Сведкі давалі паказанні ў судзе, што ён абражаў старшыню камісіі, а таксама супраціўляўся супрацоўнікам АМАП.
У Беларусі цяпер ідзе датэрміновае галасаванне на выбарчых участках. Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні незалежных назіральнікаў — такіх сітуацый было як мінімум 12.