«Людзей было!» Баяніст Віталь Варанко расказаў пра свае ўражанні ад шматтысячнага скандавання «Перамен»
07.08.2020 / 00:41
Падчас праўладнага канцэрта ў Кіеўскім скверы ў Мінску двое хлапцоў за дыджэйскім пультам знянацку ўключылі «Перамен» Цоя. Натоўп сустрэў іх авацыямі. А баяніст Віталь Варанко, які быў на сцэне, стаяў агаломшаны.
Фота Надзеі Бужан
Віталь — той самы артыст, які зняў кліп «Бацька» ў падтрымку Лукашэнкі.
Ён расказаў «Нашай Ніве», што на канцэрце яму заставалася выканаць літаральна дзве песні.
«Збіраўся прэзентаваць сваю песню «Ружовы абцасік». Яна зайшла б — там было шмат моладзі, і я хацеў разгайдаць яе», — дзеліцца артыст.
Баяніст кажа, што не крыўдуе на хлапцоў і нават не засмуціўся.
«Я сваю задачу выканаў. Таму пакланіўся, падзякаваў за падтрымку і вельмі інтэлігентна сышоў. Я толькі крыху расперажываўся праз натоўп. Бо людзей занадта шмат было! Звычайна для такой вялікай аўдыторыі ставяць сцэну, і яны не могуць так блізка падысці», — падзяліўся Варанко.