Неверагодная мабілізацыя выбарцаў у гарадах. Чэргі, белыя стужкі
09.08.2020 / 13:31
Чарга на ўчастак у мінскай Вяснянцы дасягае соцень чалавек. Фота Аляксандра Драпко.
На ўсіх участках Мінска і Мінскага раёна, якія наведалі карэспандэнты «Нашай Нівы», назіраецца вельмі высокая, не звычайная актыўнасць выбарцаў. У некаторых участках стаяць чэргі на вуліцы
Па ацэнцы карэспандэнтаў, у Мінску ў першай палове дня, у залежнасці ад участка, ад 5 да 30, у асобныя моманты да 80 працэнтаў людзей мелі на руках белыя стужкі.
Нагадаем, што Святлана Ціханоўская заклікала сваіх прыхільнікаў галасаваць у другой палове дня. Частка яе прыхільнікаў у знак салідарнасці адзяваюць на руку белыя стужкі.
А гэта кадр з метро, абед:
Галасаванне ў Стайках, Мінскі раён:
«На ўчастку чарга чалавек 15. 80 працэнтаў са стужкамі. Чарга рухаецца марудна, бо ўсе фатаграфуюць бюлетэні», паведамляе карэспандэнт Нашай Нівы з участка 18 у Мінску, які месціцца ў Маскоўскім раёне, на Хмялеўскага, школа 105.
Чарга на ўчастак на вуліцы Хмялеўскага ў Мінску:
Доўгая чарга на ўчастак у Новай Баравой:
«Адлічыў 100 чалавек. 24 з сотні — са стужкамі», — перадаў а 12-й карэспандэнт «Нашай Нівы» з-пад участкаў 4—5 Фрунзенскага раёна, гэта гімназія 37.
Карэспандэнты «Нашай Нівы» пабывалі на ўчастках у Ждановічах і Стайках Мінскага раёна. Агромны паток людзей на ўчастках, ад 15 да 30 % з белымі стужкамі ў першай палове дня.
Назіральнікі ў Стайках налічылі зранку стужкі ў 26 са 175 выбарцаў, якія прайшлі міма іх.
У Ждановічах стужкі былі ў 31 выбарца са 100 падчас прысутнасці карэспандэнта НН.
Мінскі раён, Заслаўе, 45 участак, чарга чалавек 20. Назіральнікі, якія сядзяць на вуліцы, кажуць, што іх не запусцілі, нават з акрэдытацыяй, спадзяюцца, што на падлік дапусцяць. 815 прайшло людзей за сёння, з іх амаль 200 са стужкамі. (на 13:36).
Вось яшчэ фоты з участкаў, якія дасылаюць нам нашы чытачы.
Фантастычныя чэргі ў Мінску ў другой палове дня. На некаторых участках - на сотні метраў. Як паведамляюць карэспандэнты Нашай Нівы з месцаў, большасць пасля абеду - людзі з белымі стужкамі.
Карэспандэнты Нашай Нівы абвяргаюць сцвярджэнне Ярмошынай, што пратэстны электарат займае кабінкі на 30 хвілін. Былі сёння на 30 участках, ні на адным не бачылі людзей, якія б займалі кабінку на 30 хвілін ці нават на 2 хвіліны. Чэргі тлумачацца рэкорднай яўкай, сказалі нам члены ўчастковых выбарчых камісій у Мінску і Мінскім раёне.