Супрацоўнікі Інстытута фізікі Акадэміі Навук пачалі «італьянскі страйк»

12.08.2020 / 11:29

Супрацоўнікі Інстытута фізыкі Нацыянальнай акадэміі навук заявілі, што пачынаюць «італьянскі страйк». Пра гэта Свабодзе паведаміў старшы навуковы супрацоўнік Іван Сіўцоў.

«Нармальны чалавек ня можа заставацца абыякавым»

Раніцай 12 жніўня больш за дзясятак супрацоўнікаў Інстытута фізыкі занялі месца ў фае ўстановы. Перад сабой паставілі плякат з патрабаваньнямі да ўладаў:

— на падставе масавых фальсыфікацый не прызнаваць вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта;

— выпусьціць палітзьняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту ў дзень і пасьля выбараў;

— падключыць інтэрнэт, безь якога праца ў цяперашніх умовах робіцца немагчымай.

Падразьдзяленьне Івана Сіўцова сярод іншага далучанае да касьмічных праектаў Акадэміі навук, мае шырокія міжнародныя кантакты ў гэтай галіне.

«Гэта фармат такога «італьянскага страйку»: пакуль на вуліцу з плякатамі не выходзім, застаёмся ў інстытуцкім будынку, але патрабаваньні ў нас чыста палітычныя, — пацьвярджае Іван Сіўцоў. — Па-першае, выказваем недавер да вынікаў выбараў, хоць пералікам галасоў ужо наўрад ці хто будзе займацца. Па-другое, настойваем на спыненьні гвалту і вызваленьні ўсіх арыштаваных, бо дэманстрацыі такой нянавісьці да ўласнага народу няма больш нідзе. Па-трэцяе, выступаем супраць адключэньня інтэрнэту, таму што папросту ня можам працаваць. А нашай сфэры бяз гэтага ніяк».

Ці думалі арганізатары навуковага страйку пра наступствы для сябе? Інстытут фізыкі — акадэмічная ўстанова, цалкам падпарадкаваная дзяржаўнай сыстэме. Якія гарантыі, што на гэтым супрацоўніцтва зь імі ня спыніцца з ініцыятывы адміністрацыі?

«Так, думалі, і вельмі сур’ёзна, — кажа Іван Сіўцоў. — Але такое трываць ужо немагчыма, нармальны чалавек ня можа быць абыякавым да ўсяго, што адбываецца навокал. Для нас спускавым цынгелем стала тое, што на выбарчым участку, дзе прадстаўнікі інстытуту ўваходзілі ў склад выбаркама і нібыта вялі падлік галасоў «празрыста і адкрыта», абсалютна не супалі лічбы назіраньня і агучаныя. Перамога Лукашэнкі зь нейкім гіганцкім лікам, хоць не было і блізка. Зусім не адпавядаюць дадзеныя падлікам незалежных назіральнікаў ні ў яўцы, ні ў раскладзе галасоў. Бессаромныя, непрыхаваныя фальсыфікацыі».

«Мы гатовыя на ахвяры дзеля выкананьня законнасьці»

Навуковец ад пачатку не сумняваўся, што арганізатары палітычнага страйку будуць выкліканыя ў вышэйшыя інстанцыі, але ад сваіх прэтэнзій да ўладаў адступаць не зьбіраюцца. Калі трэба, будуць і аргумэнтацыя, і спасылка на факты, працягвае Іван Сіўцоў.

«На самым пачатку працоўнага дня мы з плякатам занялі «абарону» на прахадной, дзе сустракалі калегаў, — расказвае навуковец. — Безумоўна, маглі толькі ўявіць рэакцыю дырэкцыі, але ў гэтым выпадку справа гонару кожнаму беларусу акрэсьліць сваё стаўленьне да цяперашняга беззаконьня. Пакуль нас ня так шмат — больш за 10 чалавек. Можна сказаць, зусім мала на фоне колькаснага складу інстытута. Але гэта толькі пачатак. У прыватнасьці, мы гатовыя на ахвяры дзеля выкананьня законнасьці ў краіне, як ні высакапарна прагучыць».

Іван Сіўцоў выказвае спадзяваньне, што іх учынак стане прыкладам для перайманьня для іншых навукоўцаў і акадэмічных падразьдзяленьняў.

Паводле навукоўца, ініцыятараў страйку запрасілі на гутарку да кіраўніцтва Інстытута фізыкі. Калі ад сваіх патрабаваньняў тыя не адмовіліся, некалькі ўпаўнаважаных на перамовы выклікалі да старшыні Акадэміі навук Ўладзімера Гусакова. Вынікі прафіляктычнай гутаркі пакуль невядомыя.

Цяпер навукоўцы шукаюць юрыдычнай падтрымкі, каб падмацаваць законнасьць сваіх патрабаваньняў.

У кіраўніцтве Акадэміі навук пакуль не камэнтуюць сытуацыю вакол страйку, кажуць, што абставіны вывучаюцца.

Раней пра палітычныя прэтэнзіі да ўладаў заявілі супрацоўнікі і рабочыя шэрагу прадпрыемстваў у Менску, Горадні, Жабінцы, Жлобіне, Жодзіне ды іншых месцах.

Nashaniva.com