Хроника мирных протестов в Минске 11 августа

12.08.2020 / 12:01

Учора ў Мінску працягнуліся мірныя пратэсты, лакалізаваліся яны спантанна ў розных мікрараёнах Мінска, галоўным чынам у Серабранцы і на Каменнай Горцы, ва Уруччы. 

Увесь дзень людзі неслі на Пушкінскую кветкі: тут, па паведамленнях МУС, вечарам 10 жніўня загінуў адзін з пратэстоўцаў. Сёння, 12 жніўня, усе кветкі прыбралі. 

Днём прыходзілі паведамленні, што каля эпіцэнтраў дэманстрацый у Мінску ўчора выстаўленыя паддоны з тратуарнай пліткай. Вялікую яе колькасць заўважылі каля Макдональдса на плошчы Бангалор, некалькі паддонаў стаяла ў раёне ўніверсама «Рыга». Хоць тратуар у тых месцах рамонту не патрабуе. Таксама там днём прыпаркавалі дзіўную машыну з нейкімі нідзе раней не бачанымі налепкамі «За бацьку 100%». Проста побач з кантэйнерам з каменнем і іншым смеццем. 

У раёне Прытыцкага на прыпынку, паведамілі чытачы НН, у заўважным месцы з тратуара знялі плітку. Гэта магло быць зроблена ў правакацыйных мэтах, каб справакаваць дэманстрантаў на сілавыя дзеянні.

З 18-й па ўсёй краіне пачаліся праблемы з інтэрнэтам. 

Далей па ўсім горадзе пачаліся масавыя прэвентыўныя затрыманні: і каля метро Пушкінская, хоць дэманстранты там амаль не канцэнтраваліся, і на праспекце Дзяржынскага каля зубра, і ў Серабранцы. 

Затрыманне 15-гадовага юнака трапіла на відэа. У руках сілавіка — граната. 

Адзначыўся ўчорашні дзень і жорсткім абыходжанне з журналістамі. Сіняя форма, чорная камізэлька — сілавік напаў на журналістаў каля гатэля «Арбіта». Ён ударыў па камеры фотакара агенцтва Асашыэйтэд прэс Сяргея Грыца, забраў флэш-карту ў фотакара Нашай Нівы Надзеі Бужан. «У*бывай, а то камеру разаб'ю», — крычаў ён Грыцу.

Пацярпеў відэааператар TUT.BY Усевалад Зарубін, яго ўдарылі па назе. Сілавікі разбілі экран камеры і забралі рабочую флэшку з відэа. У фатографа TUT.BY Вадзіма Заміроўскага сарвалі бэйдж і таксама забралі флэшку. Флэшкі з працоўнымі матэрыяламі таксама забралі ў фатографаў TUT.BY Дар'і Буракінай.

Дэманстрантаў каля метро Спартыўная абралі ўчора такую тактыку: як толькі набліжаецца АМАП, яны разбягаюцца ў розныя бакі, спрабуюць пратэставаць і пры гэтым не нарывацца на затрыманні.

У 21.30 амапаўцы расстралялі гумовымі кулямі дэманстрантаў, якія стаялі на скрыжаванні Прытыцкага — Жудро. Быў працяглы абстрэл. 

Тое, што адбываецца ў Беларусі цяпер, гэта ўжо не пратэсты. Гэта масавая народная мабілізацыя, якая распаўсюдзілася на ўсю краіну. Два месяцы таму мы жылі ў адной Беларусі, а цяпер жывём у другой. Праціўнікі Лукашэнкі пабачылі, што яны не проста ў большасці, а ў вялікіх гарадах — у абсалютнай большасці. Улады могуць здушыць вулічныя пратэсты — але далей ім давядзецца жыць з грамадствам, якое зразумела, што яны ў большасці. 

У Лябяжым людзі выйшлі ў двары і заклікалі суседзяў выходзіць да іх таксама.

Масавыя, масавыя затрыманні былі ўчора ў мінскай Серабранцы. АМАП хадзіў мінімум у тры атакі, карэспандэнт Нашай Нівы назіраў, як амапаўца ўрываюцца ў пад'езды, дзе хаваюцца дэманстранты і прачэсваюць іх. Серабранка ўчора была арэнай масавых народных гулянняў, але ўлады адказалі зноў сілай.

Каля 50 чалавек тут спрабавалі паставіць барыкаду са сметніц. Сілавікі ўзялі яе прыкладна за пяць хвілін. Пасля дадаткова прыехалі яшчэ чатыры «Тыгры», пастаялі каля рынку. Хлопцы пачалі зноў выстаўляць сметніцы. Тады выбеглі амапаўцы з цывільных машын і пачалі іх дубасіць. Прыехалі дзве хуткія і рэанімацыя — але яны, здаецца, не спатрэбіліся, пастаялі і паехалі. Затое прыехаў яшчэ 2 аўтазакі і 6 аўтобусаў з амапаўцамі. Амапаўцы разбегліся па дварах прачэсваць іх у пошуках дэманстрантаў. Такім чынам, пасля таго як даволі шматлікія мірныя гулянні людзей у Серабранцы разагналі гранатамі, тут ужо вось 4 гадзіны нешматлікія пратэстоўцы граюцца ў кошкі-мышкі з АМАПам. Затрыманых было шмат. Цяжка нават ацаніць колькасць — усё гэта назіраў карэспандэнт Нашай Нівы.

АМАП крышыць аўтамабілі на вуліцах, ахопленых пратэстамі — мноства выпадкаў учора і сёння трапілі на фота і відэа, што цыркулююць у Тэлеграме. Падыходзяць і б'юць шкло, фары дубінкамі, адбіваюць люстэркі. Рэальна найгоршае, што можна было прыдумаць — уяўляеце азлабленне сям'і, якой раскурочылі аўтамабіль, часта адзіны кармілец у сям'і. Горшай ідэі для таго, каб вывесці насілле на новы віток, прыдумаць немагчыма. Цяжка паверыць, што амапаўцы могуць рабіць такое спантанна. Ідэя, мусіць, заключаецца ў тым, каб застрашыць людзей ад выезду ў горад у час пратэстаў. Але людзі будуць выказваць свае стаўленне, напрыклад, па дарозе з працы і на працу. Катастрафічная, проста катастрафічная тактыка сілавікоў, якая прывядзе да дзікага азлаблення. Насілле спараджае насілле. Проста катастрафічная тактыка насілля з боку ўладаў.

У Мінску таксама палявалі на матацыклістаў. Інфармацыя пра збіццё і затрыманне матацыклістаў прыходзіла з розных пунктаў Мінска.

Nashaniva.com