Віктар Ганчарэнка раскрытыкаваў АМАП і запатрабаваў сумленны падлік галасоў

15.08.2020 / 21:21

Беларускі трэнер маскоўскага ЦСКА Віктар Ганчарэнка выказаў «Прэсболу» стаўленне да падзей на радзіме.

- Лічу, што адбываецца недапушчальнае. Рэзка супраць таго, каб білі наш мірны, выдатны беларускі народ. Міліцыя, АМАП і армія павінны абараняць народ, а не збіваць яго.

Падтрымліваю патрабаванні сумленнага падліку галасоў на выбарах. Паспрабаваў прагаласаваць на ўчастку ў пасольстве Беларусі ў Маскве, але чаканне ў чарзе вельмі расцягнулася. Людзі стаялі па пяць, шэсць, нават сем гадзін! І ў выніку ўсё роўна не траплялі на ўчастак, і я таксама не патрапіў. Такое ўражанне, што чаргу нехта штучна стрымліваў, каб не ўсе прагаласавалі. Вельмі многія так і не змаглі аддаць свой голас.