Лукашэнка на афіцыйным мітынгу ў Мінску: Нават калі я буду мёртвым, я краіну не аддам
16.08.2020 / 9:50
З Брэста і Віцебска едуць спеццягнікі, калона аўтобусаў з Гомеля.
10:30
Паведамляецца, што будуць «прадстаўнікі працоўных калектываў» з іншых гарадоў.
Едуць таксама з раёнаў Мінска.
11:20
Праспект Незалежнасці ад ГУМа да з'езда на Маскоўскую перакрыты
11:29
Калоны з сілавікамі, якія з 9 жніўня штодзень прыязджалі ў горад на дзяжурства ў цэнтр горада з месц дыслакацыі ў раёнах Уручча, Маякоўскага, Дзяржынскага, Партызанскага пасля абеду, сёння рушылі зранку. Гэта звязана з тым, што ад 12-й на плошчы Незалежнасці адбудзецца пралукашэнкаўскі мітынг
11:30
На плошчу Незалежнасці прыбыў лімузін з картэжа Лукашэнкі
11:40
Аўтобус №100 на плошчы Незалежнасці не спыняецца. Выпадковых людзей на Плошчы не будзе
11:45
На плошчу Незалежнасці прапускаюць любых грамадзян, але правяраюць сумкі і заплечнікі — карэспандэнты
12:10
Удзельнікі мітынгу паступова падыходзяць. Ідуць, пераважна, з сумнымі тварамі, з журналістамі не гавораць. Журналістаў на саму плошчу пакуль што не пускаюць. Прывезеныя на мітынг цягніком бюджэтнікі дагэтуль чакаюць у скверы на Бабруйскай.
12:12
Некаторыя ўдзельнікі пралукашэнкаўскага мітынгу, чакаючы ў скверы, слухаюць на тэлефонах зварот Ціханоўскай.
12:19
Праграміст Сяргей Васкрасенскі прыйшоў падтрымаў Лукашэнку. Кажа, што ва ўсім вінаватыя тэлеграм-каналы, якія падбухторваюць дзяцей
12:20
Каля КЗ Мінск сабраліся аўтобусы са звезенымі бюджэтнікамі. Каля іх можна ўбачыць афіцыйную чырвона-зялёную сімволіку
12:30
На плошчы сабралася 3-4 тысячы.
12:32
Мяркуецца выступ Лукашэнкі
12:40
На плошчы Незалежнасці сабраліся каля 3 тысяч чалавек. Яны скандуюць «За Бацьку!», «За Беларусь!» і «Фашист не пройдёт!»
12:48
Калона чалавек у 500 стаіць на мосце з боку Інстытута культуры
12:50
Праўладныя селебрыціз сёстры Груздзевы не вераць, што АМАП мог біць і затрымліваць людзей проста ў краме. Кажуць, што гэта правакацыя і што з імі заўсёды добры абыходзіліся.
12:52
На плошчы збіраюцца топ-чыноўнікі — прыйшоў мэр Мінска Анатоль Сівак, ёсць і міністр унутраных спраў Юрый Караеў, праўда, не ў форме. Галоўная інтрыга, ці прыедзе Лукашэнка.
Амапаўцы доўга дапытвалі Наталлю Эйсмант, бо не зразумелі, хто яна такая.
Качанаву сустрэлі воплескамі.
12:55
Каля 400 чалавек чакалі каманды ў скверы на Бабруйскай. Нарэшце частку запускаюць на плошчу. Ім сігналяць машыны.
13:15
Мітынг пачаўся. Выступае Генадзь Давыдзька. Тэатральным голасам: «Беларусь — гэта мы!»
13:20
На плошчу Незалежнасці прыйшлі прэм'е Раман Галоўчанка, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
13.26
Гайдукевіч з трыбуны расказвае пра магчымасць паўторных выбараў. «Але вырашаць павінен парламент, а не вуліца»
Жанчына прабілася ў першыя шэрагі і перабівае выступоўцу: «Фальсіфікацыі даказаныя!»
«Калі ласка, сыдзіце адсюль!» — умаляе Давыдзька. «Бе-ла-русь», — скандзіруе натоўп
13:27
Выступоўца, вайсковец-ветэран з трыбуны на лукашэнкаўскім мітынгу: ГАНЬБА ТЫМ, ХТО ТАК ПАДЛІЧВАЎ ГАЛАСЫ! ХТО ЛІЗНУЎ ЗАДНІЦУ, БЛІН! НАВАТ КАЛІ ЛУКАШЭНКА ВЫЙГРАЎ, ГЭТА НЕ 80%. ЖОПАЛІЗЫ!
Ён заклікаў прыцягнуць АМАП да адказнасці.
У пачатку выступа таго ветэрана ў натоўпе закрычалі «Ухаді». Пасля мужчыну праз натоўп павялі ціхары.
13:30
Міністр Караеў — карэспандэнту «Нашай Нівы»: Адбываецца сцэнар каляровай рэвалюцыі. Дзяўчынкам плацяць па 30-60 рублёў. Яны ўжо б'юцца за грошы.
У адстаўку Караеў не сыдзе, як прапанаваў Латушка, кулю таксама не пусціць, як казаў Някляеў, бо будзе грамадзянская вайна. Зноў сказаў, што яму шкада загінулага, а яшчэ больш пабітых.
13:32
Жанчына з Берасцейшчыны пачала з таго, што супраць беспарадкаў. Але скончыла эпічна:
У мяне ёсць мара. Я ніколі не была на моры. Дарагія мае, дапамажыце мне ажыццявіць мару! Калі ласка!
Групы дэманстрантаў ад Стэлы рухаюцца ў бок праспекта Незалежнасці. Сілавікоў няма.
Ідзе калона людзей са сцягамі ад Пушкінскай, з Казінца ідзе 50 чалавек.
13:41
Сёстры Груздзевы са сцэны расказалі, што першая спроба Майдана адбылася ў іх сацсетках. А пасля ў дэстабілізацыю Беларусі ўклалі мільярд даляраў
13:51
На праўладным мітынгу Тэнгіз Думбадзэ тэлевядучы і дэпутат нагадаў, што пратэстоўцы таксама беларусы нягледзячы на розныя меркаванні. Заклікаў не дапускаць гвалту
14:05
Выйшаў Лукашэнка. Людзі, а іх сабралі каля 7 тысяч, скандуюць: «За бацьку».
«Дзякуй вам, вы ніколі мяне не падводзілі».
«Дзякуй, мінчане, што вытрымае мяне паўстагоддзя»
Лукашэнка звярнуўся са словамі падзякі да прадстаўнікоў кожнага з шасці рэгіёнаў і асобна да жыхароў сталіцы. Кажа, што ў пачатку 1990-х людзі галадалі і стаялі на плошчы.
«Дарагія сябры, я паклікаў вас сюды не для таго, каб вы мяне абаранілі, вы прыехалі сюды, каб упершыню за чвэрць стагодзьдзя змаглі абараніць сваю краіну, незалежнасьць, жонак і дзяцей. Я не хацеў вас клікаць на гэтую плошчу, у вас жніво і вы рыхтуеце дзяцей у школу. У 90-я тут стаялі людзі рабочыя з чайнікамі, не было чаго есьці. Гэта не мая віна, што мне давялося вас паклікаць на дапамогу».
Лукашэнка шкадуе пра «развал вялікай імпэрыі» — СССР, і што Беларусь «атрымала абрубак гэтай імпэрыі», што «быў заробак 20 даляраў, не было ежы на прылаўках».
Нам прапануюць салдат НАТО чарнаскурых, жаўтаротых і белабрысых. Нас хочуць апрануць у лапці і паганяць бізуном!
Пару разоў мазнуў творчую інтэлігенцыю. Калі трэба сказаць нешта кепскае, кажа па-беларуску.
Нават калі я буду мёртвы, не краіну не аддам.
Новых выбараў не будзе. Называе прыіхільнікаў перамен бандытамі і ўркамі.