Мінкульт звольніў Паўла Латушку

17.08.2020 / 18:04

Павел Латушка на Маршы свабоды

Мінкульт хоча звольніць дырэктара Купалаўскага тэатра Паўла Латушку. Калектыў тэатра гарой за яго, «не аддамо!» — паведамілі «Нашай Ніве» акцёры тэатра. Латушка і купалаўцы падтрымалі пратэсты, вывесілі над тэатрам бел-чырвона-белы сцяг.

«Датэрмінова разарваны працоўны дагавор паводле артыкула 259 працоўнага кодэкса РБ, — расказалі акцёры. — Калектыў падтрымлівае свайго дырэктара і таксама падпісвае заяўленні на звальненне».

Экс-міністр культуры, дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка асудзіў падаўленне пратэстаў пасля выбараў, а ўчора ўзяў удзел у маршы свабоды.

Nashaniva.com