«Забярыце вашы падзякі». Круглянскія прадпрымальнікі вярнулі граматы ў райвыканкам
05.09.2020 / 16:24
Старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў у жніўні прылюдна абразіў трох мясцовых прадпрымальнікаў і галоўнага санітарнага доктара раёна за занятую імі іншую грамадзянскую пазіцыю, паведамляе 6tv.by. Выбачэнняў ад кіраўніка раёна яны так і не дачакаліся. З-за гэтага бізнэсмены звярнуліся ў міліцыю, а таксама вярнулі ў райвыканкам раней уручаныя ім шматлікія падзякі.
Як распавялі карэспандэнту «Магілёўскага рэгіёну» прадпрымальнікі Аляксандр Калін, Раман Крукоўскі, Сяргей Пісарэнкаў, а таксама галоўны санітарны доктар Круглянскага раёна Аляксей Цыганкоў, свае выказванні ў адрас бізнэсменаў Палоннік зрабіў на праўладнай маніфестацыі, якая адбылася 19 жніўня. Палоннік, а таксама кіраўнік спраў Круглянскага райвыканкама Міраслаў Арсоба, праходзячы міма аб'ектаў Каліна, крычалі «Фашызм не пройдзе!», «Ганьба!». Далей пра «ганьбу» персанальна Каліну, Крукоўскаму і Пісарэнкаву заяўлялася кіраўніком раёна на мітынгу ля мясцовага дома культуры.
У сваю чаргу Цыганкова Палоннікаў голасна назваў «палітычнай прастытуткай» на нарадзе ў райвыканкаме 17 жніўня.
Прадпрымальнікі і санітарны ўрач далі час кіраўніку раёна на прынясенне публічных прабачэнняў, але так іх і не пачулі, хоць, па расказах абураных круглянцаў, высокапастаўлены чыноўнік абяцаў гэта зрабіць. 3-га верасня яны аднеслі калектыўны зварот у міліцыю, у якім запатрабавалі даць прававую ацэнку дзеянням старшыні райвыканкама і іншых асоб на прадмет наяўнасці ў іх злачынстваў па артыкулах 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці), 186 (Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці), 188 (Паклёп) і 189 (Абраза) Крымінальнага кодэкса.
Сёння, 4 верасня, Калін, Крукоўскі, Пісарэнкаў і Цыганкоў прынеслі і паклалі на ганак будынка райвыканкама свае шматлікія граматы і падзякі, у розны час атрыманыя ад раённай улады.