Звольнены дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Мрочак распавёў, куды ў афіцыйнай статыстыцы схавалі смерці ад кавіду
07.09.2020 / 22:27
У заніжэнні статыстыкі смяротнасці ад каранавіруснай інфекцыі варта вінаваціць былога кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Такое меркаванне ў інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь» выказаў былы дырэктар РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр Мрочак, каментуючы статыстыку ААН, згодна з якой у Беларусі ў чэрвені 2020 года колькасць смерцяў на 3753 выпадкі перавысіла мінулагоднія паказчыкі па тым самым месяцы.
Аляксандр Мрочак. Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by
Па версіі Мрочака, у афіцыйнай статыстыцы ўсе гэтыя лічбы схавалі ў катэгорыю «Хваробы сістэмы кровазвароту».
— «Хваробы сістэмы кровазвароту» дасягаюць у статыстыцы 58% смерцяў у Беларусі, абганяючы значна іншыя краіны. Я мяркую, і такія факты ў мяне ёсць, не скажу, што па ўсіх тысячах смерцяў, што можна ставіць дыягназ «ішэмічная хвароба сэрца», не звяртаючы ўвагі на тое, што пацыент памёр ад лёгачнай недастатковасці, звязанай з кавіднай інфекцыяй, — дадаў прафесар.