Памежны камітэт: Марыя Калеснікава затрыманая на мяжы з Украінай
08.09.2020 / 09:12
Фота Надзеі Бужан
Памежны камітэт Беларусі абнавіў інфармацыю наконт чальцоў Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова. Раней паведамлялася, што ўначы яны ўсе трое перасеклі мяжу з Украінай, піша БелТА.
«Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў і Марыя Калеснікава 8 верасня каля 4:00 распачалі спробу пакінуць тэрыторыю Беларусі праз аўтадарожны міжнародны пункт пропуску «Аляксандраўка» на беларуска-ўкраінскай мяжы. З улікам асаблівасцяў інфраструктуры пункта пропуску і праходжання лініі дзяржаўнай мяжы на гэтым участку ажыццяўляецца ўзмацненне аховы дзяржмяжы і былі выстаўленыя дадатковыя памежныя нарады, — распавёў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі. — Раднянкоў, Краўцоў і Калеснікава на аўтамабілі «БМВ» прайшлі мытны пагранічны кантроль, выехалі ў бок Украіны. Аднак пасля, сустрэўшы пагранічны нарад, машына рэзка паскорылася, стварыўшы пагрозу жыцця ваеннаслужачаму органаў паграніжнай службы. Калеснікава апынулася па-за транспартным сродкам. Па сутнасці яе выпхнулі з яго і працягнулі рух у бок Украіны».
Антон Бычкоўскі дадаў, што Раднянкоў і Краўцоў пакінулі тэрыторыю Беларусі і апынуліся на сумежным баку. Калеснікава затрыманая.
Пазней Бычкоўскі пацвердзіў і «Свабодзе», што Марыя Калеснікава затрыманая памежнікамі: «Цяпер ідзе разбіральніцтва, каб даць гэтай сітуацыі прававую ацэнку».
А «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на крыніцы піша, што Марыя Калеснікава не перасекла мяжу Украіны, бо пры спробе яе гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт.
«Пры спробе фактычнай дэпартацыі яна парвала пашпарт, і не магла быць прапушчана памежнікамі на тэрыторыю Украіны»,-сказаў суразмоўца агенцтва.
«Марыю Калеснікаву не ўдалося выдварыць з Беларусі, бо гэтая смелая жанчына распачала дзеянні па прадухіленні яе перамяшчэння праз мяжу.
Яна засталася на тэрыторыі Беларусі», — напісаў у сацыяльнай сетцы Facebook намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.