Калеснікава: Казалі, што ўсё адно мяне вывезуць, жывой ці па частках

10.09.2020 / 11:55

Адвакат Людміла Казак 9 верасня распавяла некаторыя падрабязнасці сустрэчы з Марыяй Калеснікавай.

Фота Надзеі Бужан

Марыя адчувае сябе добра і бадзёра, нягледзячы на ​​перажыты стрэс за апошнія двое сутак. У камеры ў яе шэсць суседак. У СІЗА Марыі аказвалі дапамогу: у яе падымаўся ціск і турбуе сэрца. На целе ёсць удары, пабольваюць рукі, бо яе сілай запіхвалі ў машыну і ўтрымлівалі. Адвакат мае намер звяртацца да следчага з заявай аб правядзенні судова-медыцынскай экспертызы.

Марыя Калеснікава расцэньвае падзеі апошніх дзён як выкраданне — сур'ёзнае крымінальнае злачынства — і разам з адвакатам мае намер складаць звароты з мэтай устанавіць усіх вінаватых у яе выкраданні і гвалтоўным вывазе на мяжу. Усё, што распавяла Марыя адвакату, пацвярджае гісторыю Івана Краўцова і Антона Раднянкова, якіх прымушалі вывезці Марыю ва Украіну.

Марыя таксама сутыкнулася з пагрозамі фізічнай расправы, якія, знаходзячыся ў будынку ГУБАЗіК, успрымаць акрамя як рэальнымі не магла. Па фактах пагроз пазбаўлення жыцця Марыя таксама мае намер падаваць заявы.

«Заяўлялася, што ў выпадку, калі я добраахвотна не пакіну тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мяне ўсё роўна вывезуць: жывой ці па частках», — казала Калеснікава адвакату.

«Мне надзелі на галаву мяшок, запіхалі ў мікрааўтобус і вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу (Аляксандраўка), дзе з ужываннем сілы, супраць маёй волі спрабавалі выправадзіць мяне з Рэспублікі Беларусь».

«Пасля таго як я парвала свой пашпарт, выключыўшы такім чынам уезд на тэрыторыю Украіны, мяне зноў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Мазырскі памежны атрад, дзе я знаходзілася да вечара 8 верасня».

Nashaniva.com