Салігорскі шахцёр Юры Корзун пратэставаў у шахце на 300-метровай глыбіні — ён адмаўляўся выходзіць
10.09.2020 / 07:43
Юры Корзун. Фота з сацыяльных сетак
Ёсць інфармацыя, што шахцёр прыкаваў сябе наручнікамі да абсталявання.
«8 верасня мне споўнілася 42.
Усё свядомае жыццё я жыву пры рэжыме Лукашэнкі. Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ўбаку, — напісаў ён «УКантакце». —Усе сілавыя структуры пад яго кіраўніцтвам перавысілі свае паўнамоцтвы збіваючы, катуючы, гвалтуючы мірных пратэстоўцаў і выпадковых мінакоў, застаючыся пры гэтым беспакаранымі!
Усім нам вядома, што робіць злачынец, адчуўшы беспакаранасць! Ён паўтарае свае злачынствы з кожным разам усё больш удасканалена і жорстка. І гэта можа закрануць кожную сям'ю ў нашай краіне!
Што гэта калі не спроба адраджэнне фашызму?
Спыніць прававы дэфолт і прыступіць да мірнага дыялогу змогуць толькі рабочыя прадпрыемстваў! Больш улада не стане слухаць нікога! Так заявіў асабіста Лукашэнка.
Сёння я раблю свой выбар! Пратэст пачынаю на працоўным месцы ў забоі, гарызонт-305м. цісну STOP!!! Пакідаць шахту адмаўляюся да пачатку выканання маіх патрабаванняў».
Пасля 10:00 стала вядома, што Юрыю разрэзалі кайданкі і вынеслі яго з шахты, адправіўшы ў прыёмны пакой бальніцы.
Тым часам калона з 30 чалавек у падтрымку Корзуна рухаецца ў бок бальніцы.