Затрыманы Дзмітрый Семчанка, які ў жніўні сышоў з прэзідэнцкага пула
10.09.2020 / 17:18
Прыкладна а 16:30 у кватэру да былога журналіста АНТ Дзмітрыя Семчанкі прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі мужчыну, гэтую інфармацыю «НН» пацвердзіла ягоная жонка Юлія.
«Быў адзін мужчына не ў форме, а таксама 2—3 чалавекі ў масках. У нас дома маленькае дзіця, але яны сябе паводзілі карэктна, дзіця не напалохалі. Далі пяць хвілін сабрацца і павезлі ў Фрунзенскі РУУС. Сказалі, што будуць правяраць, ці ўдзельнічаў муж у несанкцыянаваных акцыях», — сказала «НН» Юлія Семчанка.
Дзмітрый Семчанка да жніўня 2020 года працаваў на тэлеканале АНТ, быў у прэзідэнцкім пуле. Аднак пасля падзей 9—12 жніўня вырашыў сысці з тэлеканала.
«Маўчаць — значыць памерці. Калі я ўбачыў, як знішчаюць беларускі народ — зразумеў, што ўжо ніколі не змагу маўчаць пра гэта. Інакш буду жывым трупам!» — напісаў ён у сваім інстаграме.