Як БТ звязала PandaDoc з «фінансаваннем жаночых маршаў»
12.09.2020 / 13:27
У эфіры Белтэлерадыёкампаніі паказалі відэа допытаў фігурантаў па «справе PandaDoc». У сюжэце таксама гаворыцца, што Цэнтр па абароне правоў жанчын, які ўзначальвала жонка топ-менеджара ІТ-кампаніі, выкарыстоўвалі для фінансавання жаночых маршаў, піша TUT.BY.
Удзельніцы жаночага маршу падтрымліваюць PandaDoc.
У сюжэце заяўляецца, што ў 2018 годзе Дзярждэп ЗША спрабаваў перавесці на рахунак Цэнтра абароны правоў жанчын, зарэгістраваны ў Мінску, амаль 19 тысяч даляраў. Але гэты транш заблакаваў Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Беларусі УСП. Тады ў лістападзе 2019 года да дырэктара ТАА «Пандадок» Дзмітрыя Рабцэвіча звярнуўся дырэктар па фінансах амерыканскага офіса Бібек Бхатары і папрасіў аказаць фінансавую дапамогу таму ж «цэнтру па прасоўванні правоў жанчын», спаслаўшыся на тое, што іх кампанія раней ужо пералічвала дабрачынныя ахвяраванні гэтай арганізацыі. Першы транш ажыццявілі ў маі гэтага года, гаворыцца ў сюжэце БТ.
Заснавальнікам Цэнтра называецца Аляксандра Дзікан. Яна жонка аднаго са структурных кіраўнікоў PandaDoc Віктара Куўшынава, які затрыманы разам з яшчэ трыма топ-менеджарамі кампаніі. Дзікан называецца актыўнай прыхільніцай руху «жаночая сіла», якая падтрымлівае пратэсты ў Беларусі.
TUT.BY невядома, аб якіх менавіта траншах кажа дырэктар ІТ-кампаніі і ці звязаны яны з «фінансаваннем пратэстаў».
Паводле інфармацыі TUT.BY, Дзікан адышла ад спраў Цэнтра па абароне правоў жанчын, яна працуе ў іншай ІТ-кампаніі. Дырэктарка Цэнтра Таццяна Стрыжэўская нядаўна з'ехала з Беларусі.
Адвакат PandaDoc Антон Гашынскі так каментуе сюжэт БТ: «Кампанія PandaDoc займаецца дабрачыннасцю і падтрымкай розных супольнасцяў: ковід, адукацыя і гэтак далей. У тым ліку і гэтага недзяржаўнага фонду. Упэўненыя, што дапамога кампаніі была выкарыстана па прызначэнні ў адпаведнасці са статутнымі мэтамі фонду».
Нагадаем, у пачатку верасня чатыры супрацоўнікі PandaDoc — галоўны бухгалтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітрый Рабцэвіч, менеджар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — былі арыштаваныя на два месяцы па падазрэнні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры (107 тысяч беларускіх рублёў) з бюджэту. 11 верасня ўсім чацвярым было прад'яўленае абвінавачванне, як паведаміў адвакат кампаніі PandaDoc Антон Гашынскі, у махлярстве, здзейсненым арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры (ч.4 артыкула 209, хоць раней гаворка ішла аб ч.4 арт. 210). Супрацоўнікі кампаніі заявілі пра сваю невінаватасць і катэгарычна адхілілі прад'яўленае абвінавачванне.
У PandaDoc упэўненыя, што рэпрэсіі праводзяцца, каб аказаць ціск і спыніць ініцыятыву яе заснавальнікаў. Сузаснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада раней адкрыта выказваўся пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне: у прыватнасці, прапаноўваў варыянты дапамогі, у тым ліку матэрыяльнай, сілавікам, якія хочуць звольніцца з праваахоўных органаў.