Трамп прадставіў хуткадзейны тэст, які выяўляе каранавірус

16.09.2020 / 09:26

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прадэманстраваў у тэлеэфіры новы тэст, які выяўляе наяўнасць каранавіруса на працягу 15 хвілін. Распрацоўку амерыканскай кампаніі Abbott ён паказаў на мерапрыемстве, арганізаваным тэлекампаніяй ABC у штаце Пенсільванія, піша ТАСС.

«Я хачу прадставіць вам нешта асаблівае. У мяне з сабой новы тэст, які быў выпушчаны літаральна сёння, — сказаў Трамп, дастаўшы з унутранай кішэні пінжака і прадэманстраваўшы на камеру невялікую кардонку, усярэдзіне якой знаходзіцца тэставая палоска. — Новы тэст, створаны кампаніяй Abbott».

«Ён вельмі складаны, хоць на першы погляд і не скажаш — гэта невялікі кавалачак тонкага кардону», — адзначыў Трамп. «Гэты тэст дае вельмі дакладныя вынікі. Людзі змогуць захоўваць іх у сябе і правярацца, хоць лепш, вядома, пайсці да доктара. Але ён вельмі просты ў выкарыстанні і вельмі дакладны», — падкрэсліў амерыканскі лідар.

Раней прымяненне тэсту ад Abbott санкцыянавала ўпраўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA). Выдача вынікаў аналізу адбываецца праз 15 хвілін, дакладнасць імунахраматаграфічнага аналізу на тэст-палосках складае 97,1%. Кампанія прапануе ў камплекце з тэстам спецыяльны дадатак для мабільных прылад, які дазваляе дэманстраваць вынікі аналізу пры праверцы ў людных месцах.

Nashaniva.com