Пампеа: ЗША заклікаюць усе краіны, асабліва Расію, «паважаць суверэнітэт Беларусі»
17.09.2020 / 07:20
Улады ЗША заклікаюць усе краіны, у першую чаргу Расію, паважаць суверэнітэт Беларусі. З такой заявай выступіў у сераду на сумеснай з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Дамінікам Раабам на прэс-канферэнцыі ў Вашынгтоне дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа, піша ТАСС.
Ён адзначыў, што вынікі праведзеных у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў былі фальсіфікаваныя, а пратэсты «па-сапраўднаму натхняюць». Пампеа запатрабаваў ад уладаў Беларусі спыніць прымяненне гвалту супраць тых, хто ўдзельнічае ў акцыях пратэсту. «Жорсткасць у дачыненні да іх павінна спыніцца. Улады павінны вызваліць амерыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава, які быў затрыманы неапраўдана», — адзначыў таксама кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЗША.
Пампеа пацвердзіў, што ЗША і ЕС абмяркоўваюць магчымасць увядзення дадатковых санкцый у дачыненні да Беларусі. «Мы каардынуем [дзеянні] са Злучаным Каралеўствам і нашымі еўрапейскімі саюзнікамі па санкцыях і дзеля забеспячэння таго, што асноўная ўвага будзе працягваць надавацца чаканням беларускага народа», — падкрэсліў дзяржсакратар.