Літва, Польшча і Румынія заклікалі ЕС пашырыць дапамогу для новай Беларусі і ўвесці бязвіз для беларусаў

21.09.2020 / 11:44

Прэзідэнты Літвы, Польшчы і Румыніі Гітанас Наўседа, Анджэй Дуда і Клаус Яганіс заклікаюць інстытуты Еўрапейскага саюза і дзяржавы-ўдзельніцы разгледзець пакет захадаў дапамогі дэмакратычнай Беларусі, якая імкнецца да палітычных, эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў, піша «Свабода».

Лідары трох краін заклікалі Еўрасаюз распрацаваць пакет дапамогі, які б уключаў гандаль з ЕС, дапамогу ў перамовах аб уступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, бязвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, дыверсіфікацыю эканомікі і энергетычнага сектара краіны, фінансаванне рэструктурызацыі эканомікі, прыцягненне міжнародных фінансавых інстытутаў для рэфармавання эканомікі краіны і заахвочання інвестыцый.

У дэкларацыі нагадваецца, што лідары гэтых трох краін актыўна падтрымліваюць прынцыпы свабоды і дэмакратыі і прызнаюць толькі свабодныя, справядлівыя і празрыстыя вынікі выбараў, праведзеныя ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і пад кантролем міжнародных назіральнікаў.

Кіраўнікі Літвы, Польшчы і Румыніі ў дэкларацыі нагадалі, што ніхто іншы не можа вырашаць лёс Беларусі, а толькі яе грамадзяне. Паводле лідараў, толькі дэмакратычная будучыня, заснаваная на сацыяльным дыялогу і агульным бачанні з грамадскасцю, ёсць умовай больш стабільнай і бяспечнай Еўропы.

Лідары дамовіліся дапамагаць беларусам будаваць дэмакратычную прававую дзяржаву, свабодную грамадзянскую супольнасць і рынкавую эканоміку.

«Калі грамадзяне Беларусі вырашаць правесці ў краіне палітычныя і эканамічныя рэформы, стварыць незалежныя інстытуты для абароны правоў чалавека і свабоды слова, мы дапаможам, падзяліўшыся сваімі ведамі і досведам», — сказаў Наўседа. Кіраўнікі дзяржаваў, якія абвясцілі дэкларацыю, заклікалі ўсю міжнародную супольнасьць далучыцца да распрацоўкі пазітыўнага парадку дня дэмакратычнай Беларусі і пакета падтрымкі палітычных, эканамічных і сацыяльных зменаў.

Прапановы для гэткага плану дапамогі будуць прадстаўленыя прэзідэнтам Літвы на наступным саміце Еўрасаюза ў канцы тыдня.

Nashaniva.com