Старшынёй федэрацыі лёгкай атлетыкі абраны Іван Ціхан. Раней гэтую пасаду займаў Вадзім Дзевятоўскі
24.09.2020 / 11:45
Вадзім Дзевятоўскі другі злева, фота Tut.by
24 верасня ў Мінску прайшла пазачарговая канферэнцыя Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Новым старшынёй БФЛА абраны двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, малатабоец Іван Ціхан. На гэтай пасадзе ён змяніў вядомага лёгкаатлета і дэпутата Вадзіма Дзевятоўскага, які ўзначальваў федэрацыю з 2014 года, піша Tut.by.
Ціхан, дарэчы, прысутнічаў учора на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, а падчас наведвання Гродна ў жніўні кіраўнік дзяржавы падзякаваў спартоўцу «за тое, што не здрадзіў» і абяцаў пагаварыць з ім пазней.
— Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы выказаць вялікае слова падзякі за вашу працу. Дзякуючы суладнай працы Федэрацыі, многія праекты сталі візітнай карткай нашай каралевы спорту. Калектыў, які Вадзім Анатольевіч збіраў па крупінках, адбыўся ў дасягненні вынікаў.
«Сёння мы абавязаны быць адзінай цэласнай сям'ёй і вырашаць усе праблемы ўнутры. Мы перш за ўсё павінны дапамагчы Вадзіму Анатольевічу аднавіць сваё здароўе і вярнуцца ў нашы шэрагі. Ён будзе побач з намі заўсёды, нават калі сёння сыдзе на адпачынак. Мы будзем чакаць яго з нецярпеннем. Давайце сёння адсунем усе праблемы ў бакі, прафесійна і сумленна робячы тое, што мы ўмеем, каб радаваць заўзятараў сваімі вынікамі», — сказаў Ціхан.
Што тычыцца Вадзіма Дзевятоўскага, то каля месяца таму ён даў інтэрв'ю, дзе заявіў, што расчараваўся ў цяперашняй уладзе, якую раней падтрымліваў. Пасля гэтага старшыня БФЛА не адказваў на званкі журналістаў і не выходзіў на сувязь. У федэрацыі на пытанні пра Вадзіма Анатольевіча адказвалі: «Ён у адпачынку».
Сёння ён пракаментаваў свой сыход.
— Ніхто мяне не папракне, што я штосекундна не жыў праблемамі лёгкай атлетыкі. Я ведаю душы нашых спартсменаў, жыў гэтымі праблемамі штохвілінна, думаючы пра тое, як зрабіць лепш, каб мы гучалі яшчэ раней і лепш.
Мне часта казалі: беражыце сябе. Але арганізм даў збой, і мне неабходна аднаўленне. Гэта вымушаная мера. Але мне не хочацца, каб зададзены тэмп спыняўся.