Азербайджан і Арменія вярбуюць наймітаў у Сірыі

01.10.2020 / 07:50

Паводле звестак праваабаронцаў, з Сірыі ў зону канфлікту ў Карабаху перакідвае наймітаў як армянскі, так і азербайджанскі бок. У вярбоўцы ўдзельнічаюць мясцовыя нацыянальныя абшчыны, піша РБК

Турэцкія прыватныя вайсковыя кампаніі пры падтрымцы Анкары вядуць адбор наймітаў у Сірыі і перакідваюць іх у зону канфлікту ў Карабаху для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Азербайджана. Пра гэта паведамляе размешчаны ў Вялікабрытаніі Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека.

Цэнтр зафіксаваў перакідку ў Азербайджан прынамсі 850 баевікоў. Асноўнай іх задачай пры адпраўцы ў Азербайджан называлася ахова асобных пунктаў, аднак у выніку іх прыцягнулі да баявых дзеянняў.

Найміты ў большасці сваёй прадстаўляюць туркаманскую суполку (сірыйскія туркмены, цюркскае насельніцтва поўначы Сірыі).

Акрамя таго, цэнтр паведамляе і аб адпраўцы ў зону канфлікту байцоў ад армянскай дыяспары ў Сірыі, не ўдакладняючы іх колькасць.

Паводле звестак маніторынгавага цэнтра, падчас баёў у Карабаху загінулі ўжо трое наймітаў, якія ваявалі на баку Азербайджана.

Nashaniva.com