У Светлагорску нецвярозы пацыент напаў з нажом на доктара

06.10.2020 / 12:23

Здарэнне адбылося вечарам 4 кастрычніка, паведамляе СК у сваім тэлеграм-канале.

55-гадовы жыхар Светлагорска знаходзіўся на лячэнні ў аддзяленні траўматалогіі раённай бальніцы, выпіў і стаў неадэкватна сябе паводзіць. Забраўшы ў суседа па палаце кухонны нож, накіраваўся ў рэанімацыйнае аддзяленне.

На калідоры мужчына сустрэў доктара анестэзіёлага-рэаніматолага і ўдарыў нажом у грудзі (непранікальнае раненне). На дапамогу калегу аператыўна прыйшоў іншы доктар, які нейтралізаваў агрэсара.

Пацярпелы шпіталізаваны, а нападнік затрыманы.

Распачатая крымінальная справа (замах на забойства).

Падазраваны нідзе не працуе, раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы, паведамляе СК.

Nashaniva.com