Аркестр «Харошак», гукарэжысёры ансамбля і некалькі чалавек з балета адмовіліся выступаць на апусцелай сцэне Купалаўскага
дапоўнена
15.10.2020 / 14:46
Tut.by
Беларускі фонд культурнай салідарнасці паведамляе, што аркестр ансамбля «Харошкі» адмовіўся ад выступаў на сцэне Купалаўскага тэатра. Канцэрты планаваліся 15-16 кастрычніка.
Дапаўненне. Пасля 17.00 з'явілася паведамленне аб тым, што ў канцэртах адмовіўся ўдзельнічаць не толькі аркестр, але і гукарэжысёры ансамбля і некалькі чалавек з балета.
Чытайце таксама:
«Гэта будуць танцы на касцях»: Павел Латушка заклікаў ансамбль «Харошкі» не выступаць на сцэне Купалаўскага
«Мы вельмі заклапочаныя сітуацыяй вакол паважанага і вядомага на ўвесь свет ансамбля «Харошкі», — гаворыцца ў звароце Беларускага фонда культурнай салідарнасці. — Дырыжор ансамбля «Харошкі» Іван Ерамеевіч падпісаўся пад адкрытым лістом дзеячаў культуры і сёння быў звольнены са сваёй пасады.
У калектыве праз адміністрацыйны ціск адбываецца раскол.
Івана прымусілі сысці з-за ягонай грамадзянскай пазіцыі, тых, хто застаўся, схіляюць да лаяльнасці і штрэйкбрэхерства. Менавіта так можна расцэньваць настойлівую прапанову ад Міністэрства культуры «Харошкам» зайграць ды станчыць на апусцелай сцэне Купалаўскага тэатра, разагнанага рэжымам на сваё 100-стагоддзе.
Гэта прапанова - відавочная спроба зноў падзяліць дзеячаў культуры на «сваіх» ды «варожых», крок супраць купалаўцаў, што змагаюцца з уладным гвалтам і ціскам.
Мы ведаем, што аркестр ансамбля адмовіўся ад запланаваных на 15 і 16 кастрычніка выступаў у Купалаўскім тэатры. Канцэрты будуць праходзіць пад фанаграму, што ганебна для ансамбля, які заўжды працаваў з жывым гукам.
Прыкра, што ў праграме канцэрта запланаваны выступ дзіцячай студыі «Харошак». Некаторыя бацькі не хочуць, каб іх дзеці выходзілі на сцэну.
Калі выступ «Харошак» на сцэне Купалаўскага ўсё ж адбудзецца, гэта назаўсёды застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву і забяспечыць яму сумны статус «здраднікаў». Яго міжнародная рэпутацыя будзе непапраўна сапсавана.
Заклікаем удзельнікаў «Харошак» і асабіста Народную артыстку Беларусі Валянціну Гаявую адмовіцца ад гэтага выступу і такім чынам праявіць салідарнасць з купалаўцамі, звольненым дырыжорам свайго калектыву і ўсімі дзеячамі культуры, пацярпелымі з-за сваіх перакананняў.
У сваю чаргу мы гатовыя ўсебакова падтрымаць удзельнікаў «Харошак» і абараніць іх ад адміністратыўных рэпрэсій.