Санкцыі ЕC супраць Лукашэнкі могуць быць уведзеныя праз некалькі дзён або тыдняў

15.10.2020 / 15:54

Аляксандр Лукашэнка дакладна будзе ўключаны ў будучы санкцыйны спіс па Беларусі, але тэрмінаў з'яўлення гэтага спіса пакуль назваць нельга, заявіў «Інтэрфаксу» ў чацвер Петэр Cтана, афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля.

«Так, Лукашэнка ўвойдзе ў новы спіс, і пра гэта казаў высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах на яго прэс-канферэнцыі пасля пасяджэння Савета ЕС на ўзроўні кіраўнікоў МЗС у панядзелак, 12 кастрычніка», — пацвердзіў прэс-сакратар.

Ён нагадаў выказванне Барэля на прэс-канферэнцыі раней у кастрычніку: «Сёння міністры пацвердзілі, што спадар Лукашэнка не валодае ніякай дэмакратычнай легітымнасцю, і палітычна далі сваё «зялёнае святло», каб пачаць падрыхтоўку наступнага пакета санкцый, які ўключыць самога Лукашэнку».

«Але няма ніякага дакладнага графіка. Настроены на тое, каб другі спіс быў падрыхтаваны вельмі хутка. Мяркую, што гаворка можа ісці ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў», — патлумачыў Стана.