Паглядзіце, якая неверагодная інклюзіўная кавярня адкрылася на Інтэрнацыянальнай у Мінску ФОТЫ

Вася Паўлікаў марыў дарасці да дырэктара гатэля — сваю кар’еру ён пачынаў афіцыянтам у «Рэнесансе». Гатэль хлопец не ўзначаліў. Затое стаў дырэктарам кавярні. У цэнтры Мінска Вася з камандай адкрыў ужо другую кропку са смачнай кавай, у флагманскай краме А1.

05.11.2020 / 13:21

У маі «Інклюзіўны барыста» запрацаваў на Раманаўскай Слабадзе, 8. Цяпер гарачыя напоі разліваюць і на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 36.

Супрацоўнікі кавярні — людзі з інваліднасцю. У дырэктара Васі сіндром Даўна, але гэта не замінае яму спраўляцца з менеджарскай руцінай. Вядзенне інстаграма таксама за ім. У белай кашулі, з гальштукам і чорным партфелем у руцэ Вася, здаецца, цалкам асвоіўся на кіраўнічай пасадзе.

На кубачках — кароткая гісторыя кожнага супрацоўніка. Напрыклад, барыста Наталля Астаніна здзейсніла ўжо 10 скачкоў з парашутам з вышыні 10 тысяч метраў! Для тых, хто хоча папіць кавы на месцы, ёсць кубачкі са шрыфтам Брайля.

Курсы барыста — яны цягнуцца тры тыдні — арганізоўвала сама кавярня.

«У нас дагэтуль быў вялікі праект, дзе я два гады ездзіў па ўсёй Беларусі і навучаў прафесіі барыста. Я ведаю больш за 50 патэнцыйных работнікаў. Але яны не могуць працаваць у мясцовых кавярнях, бо іх не бяруць — сумняваюцца, няма даступнага асяроддзя», — тлумачыць сітуацыю ўласнік установы Саша Аўдзевіч.

Ён прызнаецца, што дастаць абсталяванне было вельмі складана. Усе сталы і шуфлядкі рабіліся пад замову.

«Тут трэба кожны сантыметр разлічваць. Прадстаўнікі італьянскай фірмы, якая пастаўляла абсталяванне, зацанілі: «Вы прыдумалі стол, які рэгулюецца па вышыні? Прыкольна», — дзеліцца актывіст.

На запуск першай кропкі Саша Аўдзевіч аддаў грошы, адкладзеныя на кругасветнае падарожжа. І не пашкадаваў. «Мы настолькі паспяховыя, што я магу плаціць заробкі супрацоўнікам, развівацца і замаўляць новыя пазіцыі», — адзначае хлопец. Ад задумы да адкрыцця другой кавярні прайшоў усяго месяц.

Бізнэс-партнёрам стала кампанія А1. У гэтым жа памяшканні, дзе ад пачатку было прадумана безбар’ернае асяроддзе, знаходзіцца фірмовая крама сотавага аператара.

«Гэта партнёрства, не дабрачыннасць, — падкрэсліў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Мікалай Брэдзелеў. — Пасля таго, як журналісты даведаліся аб планах зрабіць у Мінску такое ўнікальнае месца, мы атрымалі адразу некалькі прапаноў аб супрацы і з радасцю адгукнуліся на ідэю Альфа-Банка ўзяць на сябе банкаўскі сэрвіс у новай кавярне. Увогуле, гэты кейс для нас — эксперыментальная магчымасць спалучыць бізнэс, вялiкi i маленькі, які аб'ядноўвае агульная мэта — інклюзіўнае грамадства».

Nashaniva.com