Журналістку Насту Захарэвіч асудзілі на 15 дзён арышту
06.11.2020 / 18:54
Журналістку Насту Захарэвіч затрымалі 5 лістапада ў кветкавай краме каля ГУМа ў Мінску. Раней яна правяла за кратамі сем дзён. Захарэвіч стаяла каля праспекта Незалежнасці, дзе праходзіў марш людзей з інваліднасцю. Амапаўцы кінуліся за ёй, паведамляе БАЖ.
Таксама прыкладна а 16:00 на Маршы людзей з інваліднасцю затрыманы Ілля Дабратвор, які працаваў там у якасці журналіста. Яго 3 гадзіны пратрымалі ў міліцыі, правялі прафілактычную гутарку і вызвалілі без складання пратаколаў.
У выніку Насту Захарэвіч так і не вызвалілі з міліцыі. На яе склалі пратаколы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і непадпарадкаванне міліцыянерам (23.34 і 23.4 КаАП).
У пятніцу суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут прызнала журналістку вінаватай і пакарала арыштам на 15 сутак. На волю Наста Захарэвіч выйдзе толькі 20 лістапада.