Янукевіч ідзе ў старшыні Партыі БНФ
«Мы павінны вярнуцца да аднаўленьня вобразу БНФ, як партыі якую падтрымлівае нацыянальная эліта, за якой будучыня», - кажа ён.
13.05.2009 / 14:57
Аляксей Янукевіч, фота Юліі Дарашкевіч.
У верасні мае прайсці наступны з’езд Партыі БНФ. Старшыня арганізацыі Лявон Баршчэўскі неаднаразова заяўляў, што сыдзе ў адстаўку.
Першым, хто заявіў пра гатоўнасць заняць крэсла старшыні, стаў намеснік Баршчэўскага, 32‑гадовы Аляксей Янукевіч.
«Наша Ніва»: Год таму ты казаў, што яшчэ не вызначыўся, ці будзеш вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ.
Аляксей Янукевіч: Ужо прынятае канчатковае рашэнне, я вылучаюся.
«НН»: І што паўплывала на рашэнне?
АЯ: Сітуацыя ў краіне настолькі імкліва мяняецца, што існаваць так, як Фронт існаваў апошнія гады, няма ніякай магчымасці. Важна прыцягнуць у партыю новых людзей з новымі ідэямі.
Прыход новай асобы, якая не ідзе на адкіданне фронтаўскай спадчыны, а выступае за абнаўленне БНФ, будзе добрым сігналам грамадству.
«НН»: Якое месца ты адводзіш БНФ унутры грамадства ў цэлым і апазіцыі ў прыватнасці?
АЯ: Перад кожнай партыяй цяпер стаіць нялёгкі выбар. Ёсць шлях пайсці на супрацоўніцтва з рэжымам, як абазначыў гэта Ляўковіч; другі шлях — схавацца з галавой пад коўдру, не заўважаць зменаў у грамадстве і навокал Беларусі. Лічу, для БНФ абодва гэтыя шляхі непрымальныя.
Сіла БНФ у дынамічнасці і здольнасці адэкватна рэагаваць на выклікі часу.Трэба выкарыстоўваць магчымасці, якія будуць адкрывацца ў звязку з крызісам і гульнямі ўладаў з Еўропай, для ўмацавання Фронту. Мы павінны вярнуцца да аднаўленьня вобразу БНФ, як партыі якую падтрымлівае нацыянальная эліта, за якой будучыня. Як моцнай партыі, здольнай эфектыўна бараніць свае каштоўнасці.
«НН»: Хто табе бачацца галоўнымі хаўруснікамі БНФ?
АЯ: Вялікае дыскусійнае пытанне пра стасункі з Рухам за Свабоду і Аляксандрам Мілінкевічам. Калі нават Пазняк гатовы паразумецца з Мілінкевічам па найбольш значных пытаннях, было б недарэчна, каб гэта не змог зрабіць БНФ.
Мілінкевіч не ідэальны палітык і робіць досыць шмат памылак.Але супрацьстаянне аслабляе БНФ, і адкладае вырашэнне важнай задачы Фронту — змены цяперашняга рэжыму. Таксама БХД. З традыцыйных партнёраў — АГП. Іншыя суб’екты, якія вызнаюць блізкія нам каштоўнасці.
«НН»: Тваё вылучэнне нельга разглядаць як бунт наймаладзейшага пакалення?
АЯ: Ні ў якім разе. Гэта не рэвалюцыя. Я б назваў гэта пачаткам новага этапу развіцця.
«НН»: БНФ гатовы супрацоўнічаць з уладамі?
АЯ: Сёння ўлады не збіраюцца супрацоўнічаць з апазіцыяй. Мы павінны клапаціцца аб тым, каб стаць моцнымі. Каб супрацоўніцтва адбывалася не па волі Лукашэнкі, а праз запатрабаванасць з боку грамадства.
«НН»: Наколькі для цябе важная наяўнасць фронтаўскага кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах?
АЯ: Цягам некалькіх апошніх гадоў я найбольш паслядоўна выступаў за абавязковае вылучэнне кандыдата БНФ. Аднак сёння ўсё не так адназначна. Унутранае абмеркаванне будзе, і будзе партыйнае рашэнне, я не хацеў бы яго апярэджваць. Але, калі партыя вырашыць падтрымаць Мілінкевіча, напэўна, гэта будзе самым разумным варыянтам у сённяшняй сітуацыі. Каб адкінуць спекуляцыі, хачу падкрэсліць: мы не будзем працаваць на тэхнічнага кандыдата, але толькі на таго, хто будзе кідаць рэальны выклік Лукашэнку. Гэта тычыцца любога, у тым ліку і Мілінкевіча. Падтрымку БНФ Мілінкевіч павінен атрымаць толькі ў тым выпадку, калі ён будзе рэальна змагацца за змену палітычнага рэжыму, калі не будзе пазбягаць атакаваць Лукашэнку.
***
Аляксей Янукевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў мінскай Чыжоўцы. У 1997 скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ па спецыяльнасці эканаміст‑менеджэр. Намеснік старшыні Партыі БНФ ад 2003.