«Далі рулон туалетнай паперы на шасцярых. А пасля загадалі адматаць для суседзяў», — 50-гадовая супрацоўніца Рускага тэатра згадвае ноч на Акрэсціна

10.11.2020 / 10:08

50-гадовая Ларыса Каліноўская, якая кіруе рэкламна-маркетынгавым аддзелам тэатра імя Горкага, пайшла на «Марш народаўладдзя» разам з сяброўкай. Удала пазбегла затрымання ля Стэлы, але адышоўшы ад плошчы Перамогі, дзе далучылася да Ніны Багінскай, апынулася ў бусіку сілавікоў. Вынік — ноч на Акрэсціна і дваццаць пяць базавых ад суддзі Анастасіі Ляйкоўскай.

«Ад Стэлы мы пайшлі па праспекце Машэрава: балазе мы жанчыны, таму нас прапусцілі, бо мужыкоў не выпускалі. Мы сталі блукаць, каб да некага далучыцца, але паўсюль было шмат бусаў і аўтазакаў, і людзі проста не маглі сабрацца. Мы ўбачылі Ніну Багінскую і пайшлі да яе. Калона была невялікая, але ёй махалі з вокнаў і сігналілі машыны. Ужо ля Акадэміі МУС пад’ехалі бусы, з іх павылазілі гэтыя монстры і перагарадзілі нам дарогу. У нас з сяброўкай не было ніякай сімволікі, мы ўвогуле — цётачкі ў раёне пяцідзесяці. Мы папрасілі, каб нам далі прайсці, а нам адказалі: «Не, вы пройдзеце вось сюды», — і павялі ў бус».

Ехаць у бусіку давялося доўга: Ларыса пачула каманду па рацыі заехаць «папрацаваць» у адным інтэрнаце, бо яго вахцёрка паведаміла, што ў будынак забеглі пратэстоўцы. Пасля затрыманых перасадзілі ў запоўнены аўтазак, дзе ў аднамесным «стакане» давялося ехаць утрох.

«Адну жанчыну каля пяцідзесяці, падобна, збілі. Яе рукі былі звязаныя пластыкавай сцяжкай, яна плакала, а ў «стакане» ў яе здарылася істэрыка. Пры гэтым нам стараліся ўдацца ветлівымі: казалі, што «нас трэба берагчы», маўляў, калі б мы былі мужыкамі, з намі б размаўлялі інакш. У двары Першамайскага РУУСа нас паставілі тварам да сцяны». 

Ларыса кажа, што з мужчынамі сапраўды абыходзіліся жорстка, ва ўсіх рукі былі звязаныя пластыкавай сцяжкай, аднаму за нейкую правіну загадалі легчы на халодную плітку. Яшчэ калі перасаджваліся з буса ў аўтазак, убачыла двух хлопцаў з меткамі чырвонай фарбай на ілбе. Зрэшты, была і дзяўчына, якую, як стала вядома пазней у размове, пры затрыманні таксама збілі.

«Калі падвозілі яшчэ людзей, у гэтых мудакоў хапала нахабства, выходзячы са свайго службовага транспарту, крычаць нам: «Ну прывітанне, неверагодныя».

На Ларысу склалі пратакол па артыкуле 23.34, але яна яго не падпісала. Праз вялікую колькасць затрыманых далейшы лёс стаў вядомы толькі каля другой гадзіны ночы: сказалі, што павязуць на Акрэсціна.

«Гэтая паездка — увогуле кашмар. Нас завялі ў бус, перароблены пад аўтазак, на падлозе былі разасланыя бел-чырвона-белыя сцягі, у сваім «стакане» мы зноў былі ўтрох. А калі ўжо прыехалі, стаялі яшчэ хвілін 40-50 у чарзе. Было, вядома, цяжка, нейкай жанчыне стала блага з сэрцам, нехта паклікаў ёй па дапамогу, але тыя адказалі, што хай сядзіць».

У трохмеснай камеры Акрэсціна прыйшлося размяшчацца ўшасцёх: «Тут нам нарэшце далі бутэльку вады, праўда, без аніякіх шклянак. Калі мы спыталі, ці дадуць нам сродкі асабістай гігіены, нам далі рулон туалетнай паперы. Але праз дзесяць хвілін загадалі адматаць для нашых суседзяў. Таксама далі пластыкавы слоік, у якім ляжала кускамі нарэзанае смярдзючае гаспадарчае мыла.

Я спала на вузкай кароткай лаўцы, ноччу гарэла святло і біла ў вочы. Яны крычалі ўсю ноч, таксама, відаць, у калідоры некага білі, бо мы чулі крык».

Суд працягваўся дзесяць хвілін. Сведкамі справы сталі, як мяркуе суразмоўца, міліцыянеры, прычым месцам іх жыхарства быў пазначаны адрас РУУСа. «На экране ноўтбука я бачыла толькі галаву суддзі Анастасіі Ляйкоўскай. У мяне неразборліва нешта ўдакладнялі, я не прызнала віну і мне далі 25 базавых».

Тым часам калегі ўжо паведамілі, што дырэктар даведаўся пра затрыманне і хоча звольніць Ларысу. «Напэўна, мне прапануюць напісаць заяву на звальненне, але я не буду гэтага рабіць, хай шукаюць артыкул».

Ларыса Каліноўская была адной з тых, хто падпісаў адкрыты ліст супрацоўнікаў Рускага тэатра супраць гвалту з боку сілавых структур і ў падтрымку Купалаўскага.

Ірэна Кацяловіч