У Купалаўскі спрабуюць набраць трупу з акцёраў абласных тэатраў і студэнтаў
12.11.2020 / 07:58
У Купалаўскім, абяскроўленым пасля сыходу большай часткі трупы, пачаўся набор у новую трупу. 11 лістапада ў тэатры адбыліся праслухоўванні.
Паводле інфармацыі Tut.by, аб наборы ў тэатр папрасілі тыя акцёры Купалаўскага, якія засталіся ў трупе. На дадзены момант іх засталося 12 чалавек. Астатнія сышлі з тэатра ў жніўні на знак пратэсту супраць звальнення дырэктара тэатра Паўла Латушкі і агульнай сітуацыі ў краіне.
У акцёрскім асяроддзі хадзілі чуткі, што ў канцы кастрычніка некаторыя з акцёраў, якія засталіся, сустракаліся са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдалося.
Але вядома дакладна, што 4 лістапада міністр культуры Юрый Бондар прыняў трох акторак Купалаўскага тэатра: Тамару Міронаву, Зінаіду Зубкову і Алу Ельяшэвіч — - а таксама галоўнага мастака тэатра Барыса Герлавана. Інфармацыя пра гэта з'явілася на афіцыйным канале Мінкульта.
Паводле інфармацыі Tut.by, неўзабаве пасля гэтага з Міністэрства культуры сталі тэлефанаваць у абласныя тэатры. Іх кіраўніцтву прапаноўвалі высветліць, ці няма ў акцёраў жадання паспрабаваць свае сілы ў Купалаўскім. Гэтую інфармацыю парталу пацвердзілі ў трох тэатрах. Мяркуецца, што іх колькасць была куды большай.
Мяркуючы па ўсім, жадаючых знайшлося няшмат. Таму на праслухоўванне прапанавалі адправіць студэнтаў Універсітэта культуры. У тым ліку сваіх студэнтаў прывяла Зінаіда Пасюціна, прафесар кафедры тэатральнай творчасці. Наступнай вясной яны выпускаюцца з ВНУ, таму могуць размеркавацца ў Купалаўскі.
Таксама на пробах прысутнічалі студэнты іншых курсаў, а таксама з Бабруйска, Гомеля, Маладзечна.
Студэнт Універсітэта культуры, з якім удалося пагаварыць, казаў пра настойлівую прапанову. Ён пагадзіўся ўзяць удзел у праслухоўванні, але некаторыя з яго сяброў адмовіліся.
Сама працэдура праслухоўвання была стандартнай: удзельнікі паказвалі эцюды, чыталі вершы.
У камісіі знаходзіліся акцёры, якія засталіся ў трупе (на дадзены момант афіцыйна іх 12 чалавек), а таксама міністр культуры Юрый Бондар.
Пра вынік праслухоўвання ўдзельнікам не паведамілі. Мяркуецца, што праслухоўванні працягнуцца.
Атрымаць афіцыйны каментар ад Купалаўскага тэатра на гэты конт не ўдалося.