БДУ звальняе вядомага выкладчыка кафедры класічнай філалогіі Ягора Прыстаўку
Пра гэта навукоўца паведаміў на сваёй старонцы ў фэйбуку.
14.11.2020 / 19:32
Нядаўна Ягор Прыстаўка выступаў у падтрымку затрыманай выкладчыцы МДЛУ Наталлі Дулінай, фота з сацсетак.
Ягор Прыстаўка з адзнакай скончыў аддзяленне класічнай філалогіі БДУ ў 2003 годзе, паспяхова вучыўся ў аспірантуры БДУ, а ў 2009 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Ён 15 год выкладаў старажытныя мовы і антычную літаратуру на філалагічным, гістарычным, юрыдычным, хімічным, біялагічным факультэтах, ФФСН і Інстытуце тэалогіі — і заўсёды па-беларуску.
Дацэнт Ягор Прыстаўка адзіны, хто чытае лекцыйны курс па лацінамоўнай літаратуры Беларусі студэнтам спецыяльнасці «класічная філалогія».
Тое, што кантракт разрываюць сярод навучальнага года, сведчыць, што рашэнне палітычна матываванае. Дацэнт лічыць, што гэта звязана з яго актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ён быў сярод больш чым 50 выкладчыкаў і супрацоўнікаў ВНУ, якія запісалі відэазварот аб сітуацыі ва ўніверсітэтах.