Лукашэнка і Сідорскі: Падзенне эканомікі спынілася

Тэмпы падзення вытворчасці прамысловай прадукцыі ў студзені‑красавіку 2009 года ў параўнанні з першым кварталам запаволіліся на 0,9%.

15.05.2009 / 10:16

Тэмпы падзення вытворчасці прамысловай прадукцыі ў студзені‑красавіку 2009 года ў параўнанні з першым кварталам запаволіліся на 0,9%.
Гэта абумоўлена ажыўленнем фінансава‑гаспадарчай дзейнасці і ростам вытворчасці ў арганізацыях Мінпрама, Мінбудархітэктуры, Мінгандлю, канцэрнаў «Белнафтахім» і «Белбіяфарм».

«Гэта невялікае павелічэнне, але ў эканоміцы дасягнута стабілізацыя. Мы паступова прыбаўляем у рабоце эканомікі, замацоўваемся на знешніх рынках», — сказаў прэм’ер‑міністр у дакладзе Аляксандру Лукашэнку. Калі да крызісу Беларусь на знешнія рынкі пастаўляла каля 24 працэнтаў прадукцыі Міністэрства прамысловасці, то сёння — прыкладна 40 працэнтаў. Пакуль гэта разавыя, асобныя пастаўкі, але яны даюць магчымасць павялічыць аб’ём знешняга тавараабароту і асвойваць новыя рынкі збыту.

Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 4 месяцы бягучага года склаў 106,6 працэнт да адпаведнага перыяду 2008 года, што на 0,3 працэнтнага пункта вышэй за вынік студзеня‑сакавіка 2009 года.

Інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі за студзень‑красавік узраслі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 16,3 працэнта.

Акрамя таго, у красавіку ўдалося дабіцца сур’ёзнага зруху ў рэалізацыі антыінфляцыйных мер: у краіне істотна замарудзіўся рост цэн. У красавіку інфляцыя склала 0,4 працэнта, з пачатку года — 6,5 працэнта. Пры гэтым у Расіі цэны за чатыры месяцы ўзраслі на 6,2 працэнта, ва Украіне — на 6,9 працэнта.