IIHF канчаткова не вызначылася, што рабіць з чэмпіянатам свету па хакеі ў Беларусі
19.11.2020 / 09:05
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) учора разгледзела справаздачу пра сітуацыю ў Беларусі. Яна выклікала сурʼёзныя дыскусіі ў сябраў федэрацыі. Канчатковага рашэння пакуль не прынята.
«У Беларусі ўзнікаюць цяжкасці, да якіх неабходна ставіцца сур'ёзна, бо існуе значная рызыка таго, што цяперашнія праблемы ў Мінску, пазіцыя ўрада Латвіі (суарганізатара) і пандэмія COVID-19 зробяць значны ўплыў на чэмпіянат свету-2021», — адзначыў старшыня федэрацыі Рэнэ Фазель.
Дарэчы, учора IIHF адмяніла некалькі турніраў з-за каранавіруса.
У справаздачы падкрэсліваюцца дзве праблемы:
— бяспека ўдзельнікаў і гледачоў,
— сумневы ў праўдзівасці афіцыйных звестак пра сітуацыю з COVID-19.
Фазэль выказаў надзею, каб турнір прайшоў у Беларусі і Латвіі. Але IIHF будзе яшчэ высвятляць, ці будзе правядзенне чэмпіянату бяспечным і ці змогуць суарганізатары ўзаемадзейнічаць адзін з адным. Да пытання вернуцца, меркавана, у студзені.
Раней Латвія ўжо заявіла, што гатовая правесці чэмпіянат сама. Яна мае дзве арэны. Раней меркавалася, што адна група (восем камандаў) будзе гуляць у Рызе, другая ў Мінску. Паўфіналы і фінал пройдуць у Мінску.