Праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыка ААН наконт сітуацыі вакол палітвязня Вячаслава Рагашчука

19.11.2020 / 12:47

Праваабаронцы звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў ААН з нагоды пагаршэння стану здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука, які ўтрымліваецца ў СІЗА-6 у Баранавічах у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Пінску.

Праваабаронцы заклікалі да ўмяшальніцтва спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і спецдакладчыка па пытанні аб катаваннях і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання Нільса Мельцэра ў сітуацыю з нагоды неаказання палітвязню медыцынскай дапамогі ў ізалятары.

Здароўе Вячаслава Рагашчука знаходзіцца ў небяспецы. У кожным лісце палітвязень Вячаслаў Рагашчук піша пра пагаршэнне свайго здароўя, паведамляе spring96.org.

Каля месяца таму Вячаслаў напісаў родным, што ў ізалятары яму дыягнаставалі «кровазліццё, страсенне мозгу або траўму галавы» альбо «мікраінсульт». У лісце ад 4 лістапада ён піша, што стан яго здароўя пагаршаецца. Ён напісаў сваёй сястры Кацярыне, што ў яго дранцвеюць пальцы на руках, ён перастае адчуваць руку, амаль не адкрываецца правае вока. Палітвязень скардзіцца па-ранейшаму на звон у галаве, болі ў баку жывата.

Пры такіх абставінах ён можа пазбавіцца працаздольнасці.