Колькі грошай выдаткавалі на канцэрт пасля праўладнага аўтапрабегу з удзелам Эйсмант і Баскава

21.11.2020 / 15:34

Адзін з самых маштабных праўладных аўтапрабегаў зладзілі пад Мінскам 8 лістапада, піша Tut.by. Пасля таго як калона праехала па МКАД, у Ліпках для ўдзельнікаў арганізавалі бясплатную салдацкую кашу з палявой кухні, шашлык і іншую ежу па цалкам даступных цэнах, а таксама арганізавалі канцэрт з Саладухам, Жанет, Ланской і іншымі выканаўцамі.

На сайце дзяржзакупак з'явілася інфармацыя аб тым, колькі грошай выдаткавалі на арганізацыю канцэрта. Крыніца фінансавання — бюджэтныя сродкі. Мяркуючы па гэтых звестках, адзін з самых вялікіх ганарараў быў запланаваны групе Aura і яе камандзе, салістка якой — Юлія Быкава, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на выбарах. Для параўнання: для Аляксандра Саладухі сума ў два разы меншая, а для Алены Ланской — у чатыры.

Хто выступіў на канцэрце і якія прадугледжаны ганарары для артыстаў

Пры гэтым стала вядома, якая сума была прадугледжаная на арганізацыю і правядзенне канцэрта ў Ліпках 8 лістапада для ўдзельнікаў аўтапрабегу. Нагадаем, на аўтапрабег з'ехалася каля 1000 машын. Сярод яго ўдзельнікаў былі ў тым ліку прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў.

Фота Марыны Серабраковай, Tut.by

Паводле звестак на сайце дзяржзакупак, на правядзенне патрыятычнай акцыі «Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» была запланаваная сума ў 21 895 рублёў. Крыніца фінансавання — бюджэтныя сродкі. Заказчык/арганізатар — «Мінскканцэрт».

Выканаўцам Алёне Ланской, Жанэт, Вікторыі Алешка, балету Fusion, балета Next была закладзена сума па 1000 рублёў, арт-групе «Беларусы», шоў-тэатру «Алюр» — па 1500 рублёў, Аляксандру Саладуху — 2000 рублёў, а групе Aura, танцорам, музыкам — 4000 рублёў.

Раней Мазырскі раённы Міжгаліновы цэнтр размяшчаў заяўку на дзяржзакупку на выступ 19 верасня групы Aura на такую ж суму — 4000 рублёў, крыніца фінансавання — бюджэтныя сродкі. У гэты дзень у Мазыры святкавалі 865-годдзе горада.

На працу галоўнага рэжысёра на канцэрце пасля аўтапрабегу была закладзена сума ў 2000 рублёў, памочніка рэжысёра — 1000 рублёў, харэографа — 500 рублёў, асістэнтаў рэжысёра — 700 рублёў.

На паслугі па перавозцы грузавым транспартам да 3,5 тон выдаткавалі 495 рублёў, на відэакантэнт, дэманстрацыю — 2700 рублёў.

Дамовы па выніках правядзення працэдуры закупкі з адной крыніцы, мяркуючы па інфармацыі на сайце дзяржзакупак, заключылі з ІП Саладуха Аляксандр Антонавіч, ІП Фаміных Ірына Станіславаўна, ІП Алешка Вікторыя Робертаўна, ІП Сарока П. Г., ІП Шмат Валерый Сяргеевіч, ІП Алейнік Яўген Фёдаравіч (прадзюсар групы Aura), ІП Радзівонава Людміла Міхайлаўна (выступ шоў-тэатр «Алюр»), ІП Фамбараў Е. Г., ІП Пунтус М. П. (транспартныя паслугі), ІП Федарэнка Аляксей Сяргеевіч. Некалькі дамоваў заключылі з ІП Арцюкоўскі Д. А. (паслугі — галоўны рэжысёр; асістэнты рэжысёра; відэакантэнт, дэманстрацыя), ІП Кашавы Дзяніс Алегавіч. Звесткі з адкрытай крыніцы — сайт дзяржзакупак.

Ці кампенсавалі ўдзельнікам аўтапрабегу выдаткі на паліва і, калі так, у якім памеры, ці аплачваюць ім «камандзіровачныя», ці выдаюць чырвона-зялёныя сцягі або яны купляюць іх за ўласныя грошы, ці пакрываюць ім іншыя выдаткі накшталт начлегу, экскурсій, харчавання і, калі так, з якіх крыніц, дакладна невядома.

Дарэчы, 8 лістапада таксама быў задзейнічаны верталёт МІ-2, якім кіраваў начальнік Мінскага аэраклуба ДТСААФ Мікалай Мачанскі.

Nashaniva.by