Жыхару Ліды далі тры гады «хіміі» за гвалт над міліцыянерам
25.11.2020 / 15:46
У судзе Лідскага раёна 24 лістапада абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Яўгена Вінчы, якога вінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Суд пастанавіў: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, піша spring96.org.
Справу разглядаў суддзя Максім Філатаў, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Роўба.
Пра інцыдэнт і крымінальную справу амаль нічога невядома, паколькі суд праходзіў у закрытым рэжыме.
12 жніўня ў цэнтры Ліды каля будынка райвыканкама адбылася акцыя мірнага пратэсту. Сюды прыйшлі таксама святары. Праз нейкі час праваахоўнікі папрасілі ўсіх разысціся. Затым пачаліся затрыманні. У адказ пратэстоўцы кінулі некалькі камянёў у міліцэйскі транспарт.
Па словах пацярпелых і сведкаў, у затрыманнях удзельнічалі амапаўцы і мясцовыя міліцыянеры.
Яўгена Вінча таксама пры затрыманні збівалі, а потым абвінавацілі ў тым, што юнак учыніў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Напачатку судовага пасяджэння пракурор заявіў хадайніцтва аб тым, каб суд праходзіў у закрытым рэжыме, маўляў, у працэсе ёсць сакрэтныя асобы, якіх нельга падвяргаць небяспецы.
Падчас папярэдніх судовых пасяджэнняў пракурор Роўба запрасіў для Яўгена Вінчы два гады пазбаўлення волі. Таксама задаволены іск аб матэрыяльнай прэтэнзіі пацярпелага ў памеры 2000 рублёў.