Святлана Алексіевіч павіншавала сяброўку і пісьменніцу Марыю Вайцяшонак з 80-годдзем: Мілая Маша, пішы доўга
Cёння — 80 гадоў паэтцы і аўтарцы прозы Марыі Вайцяшонак. Адмыслова да дня нараджэння сяброўкі нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч напісала віншавальнае эсэ. Яно з'явілася на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў.
01.12.2020 / 12:40
У Марыі Вайцяшонак адметны голас і ў паэзіі, і ў прозе, я думаю, што і тое, і другое ў яе паэзія. Такі ў яе погляд на свет — усё пад гэтым поглядам пераўтвараецца, у любой дробязі, у самым звыклым імгненні штодзённасці бачыцца штосьці вечнае. Напэўна, гэта святло.
Мы з Марыяй ужо ведаем адна адну паўстагоддзя, аднак я не перастаю захапляцца, як радасна яна ўмее жыць, браць сілы і веру, якім, здавалася б, няма адкуль узяцца. Аднекуль з самой сябе, з уласных сховаў. Як нядаўна яна напісала: «Трэба жыць, жыць». Усё яе жыццё — супраціўленне.
Нарадзілася ў сібірскіх рудніках ў сям’і сасланага перад вайною асадніка: бацька — паляк, маці — беларуска.
Сям’я там загінула, а яна вучылася голасу і роднай мове ў цёткі Марылі, сястры маці, якая яе маленькую ўратавала. Непісьменная, аднак змагла дамагчыся, каб дзіцё ёй аддалі, вярнулі. Здаўна назапашваўся ў гэтым родзе талент, бо цётка Марыля была таленавітая пявуння, яна добра спявала, часцей адпявала «нябожчыкаў», тых, хто пакінуў гэты свет, але яшчэ не паспеў дайсці да Бога, распавесці яму сваё жыццё. Цётка Марыля дапамагала яму і ягонай радні, якая сіратліва ўзіралася ў нябёсы. А куды яшчэ было глядзець?
Я не паспела пабачыць цётку Марылю, за год да нашае сустрэчы з Машай яна памерла, але мне здаецца, што душа ў Машы цётчына. І справа на зямлі цётчына — здзіўляцца і смуткаваць.
Не сустракала іншага чалавека, які б так, як Маша, востра, амаль хваравіта адчуваў недасканаласць нашага свету: як пакутуюць людзі, птушкі, звяры — усе ажно да кветачкі. На лецішчы ў нас нікому нельга сарваць кветачку проста так, дзеля прамільгнулага настрою. У Машы любяць бываць вясковыя дзеці, і я не раз чула яе ўрокі — «Навошта ты сарваў кветачку? Ёй жа балюча!» І божай кароўцы таксама балюча… Ва ўсіх ёсць душа.
Гэта філасофія ўсіх Машыных тэкстаў. Людзі яшчэ не навучыліся радаваць свайго аслабелага ад жорсткасці і нянавісці ў свеце анёла. Анёла можна парадаваць толькі тым, што хочаш быць чалавекам. Чалавекам дабрыні.
Марыя Вайцяшонак — пісьменніца, якая сама па сабе традыцыя, стыль і мова, яна — вялікая падзея ў нашай літаратуры. Лёгкасць яе мовы ад паўнаты пачуццяў, а паўната пачуццяў ад таго, што яна ведае, яшчэ маленькай і адзінокай дзяўчынкаю ў Сібіры здагадалася, — жыць страшна і ў той жа час цікава. Героі Марыі Вайцяшонак пастаянна пра гэта думаюць. За кожнае сваё слова яна сумленна плоціць.
Мне ўсё менш падабаюцца юбілеі. Усё можна прыняць у жыцці, прынамсі, шмат што, акрамя аднаго — занадта хутка ідзе час. Толькі б не стаміцца.
Цяпер Марыя Вайцяшонак вядзе ў інтэрнэце старонку «На прызбе ў Сілічах». Калі чытаеш яе, адразу трапляеш у іншую прастору, расшыраюцца твае зрэнкі. Ты бачыш больш, ты пачынаеш чуць інакш, вакол цябе ўжо іншы свет. У гэтым свеце нікому не хочацца рабіць балюча. Важнейшага ўрока я не ведаю.
Мілая Маша, пішы доўга.