Кандыдатам у прэзідэнты ад БХД стаў Віталь Рымашэўскі
+дадаўся фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч
23.05.2009 / 18:18
Кандыдатам для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ад беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў абраны Віталь Рымашэўскі.
Такое рашэнне шляхам тайнага галасавання прынялі ўдзельнікі нацыянальнай канферэнцыі незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), якая прайшла 23 мая ў Мінску.
На гэтую пасаду прэтэндавалі тры кандыдаты: сустаршыня БХД, каардынатар кампаніі "Пакаянне" Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД, каардынатар кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення Георгій Дзмітрук і намеснік кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі партыі Леанід Скорабагаты.
У выніку падліку галасоў высветлілася, што са 103 бюлетэняў два былі прызнаныя несапраўднымі, за Скорабагатага прагаласавалі восем чалавек, за Дзмітрука — 25, за Рымашэўскага — 68. Такім чынам, апошні набраў больш за 50 працэнтаў галасоў дэлегатаў канферэнцыі і перамог у першым туры.
***
Віталь Рымашэўскі нарадзіўся ў 1975 годзе. Працуе вядучым эканамістам вядомай кампаніі "Беларусь капітал менеджмент" (Расія).
Адукацыя вышэйшая. Закончыў будаўнічы факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта па спецыяльнасці "Інжынер-будаўнік". Прафесійна займаецца палітыкай з 1996 года — тады ён стаў членам каардынацыйнага савета арганізацыі "Беларускае аб`яднанне маладых палітыкаў". У 1999 годзе вучыўся ў Германіі на курсах вышэйшай школы дзяржкіравання ў інстытуце "Саюз грамадскага кіравання", вывучаў эканамічнае і палітычнае ўстройства ФРГ. У 2002 —2004 гадах — член прэзідыума Беларускага нацыянальнага савета маладзёжных і дзіцячых грамадскіх арганізацый "Рада". У 2005—2006 годзе — каардынатар перадвыбарнай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча па Фрунзенскім раёне Мінска.Фотарэпартаж з канферэнцыі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) глядзіце пазней на нашым сайце.
Віталь Рымашэўскі, кандыдат у кандыдаты.
Актыў БХД.
Сустаршыні БХД (злева направа) - Рымашэўскі, Севярынец, Дзмітрук, Шэін.
Георгій Дзмітрук - бацька пяці дзяцей.
А ў Леаніда Скорабагатага дзяцей сямёра.
Павал Севярынец.
Некаторыя прэтэндэнты на прэзыдэнтскае крэсла апрануліся даволі дэмакратычна.
Георгій Дзмітрук прыйшоў увогуле без гальштука і ў джынсах.
А гэта боты будучага кандыдата ў прэзыдэнты.
Скрыня для галасавання была празрыста-дэмакратычнай.
У чаканні вынікаў галасавання
Пераможца выбараў быў стрыманы на эмоцыі