Маленькі швайцара-парыжа-ватыкан
Зруйнаваны дазваньня храм уладам не перашкаджае, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.
25.05.2009 / 11:25
Чыноўнікі таксама бываюць уголас сэнтымэнтальнымі: аднаму старыя гарадзенскія дамы нагадваюць чамусь «маленькі Парыж», другому «маленькую Швэйцарыю», трэцяму зусім невядома як «Ватыкан».
Але ўсё гэта наіўныя штучныя перабольшаньні. Насамрэч падыход у чыноўнікаў да рэштак гістарычнай забудовы халодна‑дэкарацыйны, казённы, гэта менавіта дэкарацыі для масавых мерапрыемстваў, ня больш. Я ўсё шукаў слова і ня мог знайсьці, але яно было на паверхні, яно — вельмі звычайнае, паколькі падыход гэты папросту бяздушны, так‑так. Яны рэальна не адчуваюць духу старой Горадні, яны ня лічаць, што такі горад можа мець сваю адметную душу, пра якую трэба дбаць. Яны не адчуваюць сябе сваімі тут.
А такі горад безумоўна мае ўласную душу, якую, так‑так, нельга занядбаць.
Перш за ўсё, гэта датычыць адбудовы Фары Вітаўта, што стаяла некалі ў цэнтры Горадні, якая вельмі патрэбна сёньня, якой вельмі не хапае. Пытаньне па‑варварску разбуранага гатычнага касьцёлу нікуды не зьнікае і ня зьнікне.
І раптам сутыкаешся з чыноўніцкай празьмернай самаўпэўненасьцю там, дзе яна зусім недарэчы… Аднойчы жанчынка з гмаху ўлады, даволі прыемная, досыць сымпатычная, загадчыца якогасьці аддзелу паперак, на голас пра зьнішчаны касьцёл безапэляцыйна адказвае: а як яго аднаўляць? Гэта немагчыма! Чаму? Таму што ён і касьцёлам быў, і царквой, незадаволеныя абавязкова застануцца. І ёй падтаквае згодна «мэр».
Даўней гэта было, мэр цяпер іншы. Хаця папярэдні, дарэчы, адукаваўся, гісторыкі зь ім працавалі. Ён адчуў сытуацыю, пачаў выказвацца больш нэйтральна: адбудаваць храм я ня супраць, можа ў будучыні, калі багацейшымі зробімся, да гэтага й дойдзе… Не дайшло. І вось у іншай кабінэтнай дамачкі цікавяцца: ці не жадала б Фару Вітаўта ўбачыць адноўленай? Здавалася б, элемэнтарна адказаць: я ня супраць, хай у будучыні, калі пабагацеем і гэтак далей. Але ж не! У адказе гучыць бадай адценьне фанабэрлівасьці. Яна, аказваецца, не ўяўляе ў якасьці чаго яе можна адбудаваць(!)… Не зразумелі? А чыноўніца рэжа сваю праўду‑матку: там быў і касьцёл, і царква, дык што зараз аднаўляць?! Што?
Між іншым, чыноўніца па спэцыяльнасьці зусім не гісторык. Здавалася б, лепей ёй было адказаць, зважаючы на празаічны бок справы: зь белай сілікатнай цэглы ня варта Фару будаваць, а патрэбнай чырвонай, адпаведнай старым узорам, у нас няма сваёй, страцілі безнадзейна рэцэпт, купляць за мяжой дорага, крызіс у нас, а гмах вялікі, цэглы трэба шмат, самі разумееце, так што выбачайце, можа нашыя ўнукі хіба, калі пабагацеюць, ці нават праўнукі…
Аднак не, яна замахваецца на большае, ёй заманулася вырашаць, што ў каралеўскім горадзе добра, а што кепска было. Не гісторык, не архэоляг, не архітэктар і не рэстаўратар, яна небясьпечную пагрозу малюе для слаўнай Горадні ў тэарэтычнай магчымасьці аднавіць зьнішчаны каштоўны помнік дойлідзтва! Менавіта! Рашуча сячэ з пляча: якое б ні прынялі рашэньне, яно ў любым разе будзе адмоўна ўспрынята значнай часткай гарадзенцаў… Н‑н‑не‑ве‑ра‑годна! Папросту апакаліпсіс мясцовага маштабу напаткае горад над Нёмнам! Толькі не будуйце зноў Фару Вітаўта!
Як проста! Нічога мы аднаўляць ня будзем! Усё, што было зроблена, было зроблена слушна і справядліва! Значыць так трэба было! Час быў такі! Атрымліваецца, гэты член КПСС, працягвае сядзець у іх, і ім з бальшавіком ўнутры ўтульна, надзейна. Разумееце?! Пры Хрушчове, нагадаю, Фару «у расход» пусьцілі. Грузавік дынаміту — ура!!! Што вы са сваім касьцёлам сёньня як «з пісанай торбай», га?! У тыя часы цэрквы таксама руйнавалі, таксама! Іх не шкадавалі аднолькава з касьцёламі! Душылі ўсіх аднолькава і бацюшак праваслаўных… Трэба разумець, што дзеля іх сёньня гэты шматзначны намёк: амаль цэлы горад незадаволеных будзе, ясна?! Калі мы раптам усякія «фары» адбудоўваць пачнем… Гэта чаму ж будзе не задаволены горад? А ён хіба задаволены тым, што ўлада ня толькі злодзеяў апраўдвае маральна, якія зруйнавалі, але таксама, хай ускосна, хай несьвядома (хаця чаму людзі з улады гуляюць у несьвядомых?), гвалтоўны захоп апраўдвае…
Падазраю, што для чыноўнікаў нашых узор, ідэал — горад на Маскве‑рацэ. Хай уявім, што замест Васіля Блажэннага славутага туркі зрабілі мячэць, як у Царградзе. Ці спадабалася б гэта нашым чыноўнікам? А ў Горадні так і адбылося: каб сэканоміць на цэрквах, сканфіскавалі самы старадаўні касьцёл і «дзела ў шляпе». Такім чынам і ён царквой стаў!!! Так, праваслаўнай! ‑‑ грозна дамачкі з чыноўніцкіх кабінэтаў кідаюць у твар журналістам, гісторыкам, пісьменьнікам. Чаму яго павінны на касьцёл адбудоўваць, га?! (А яны разумеюць, што калі зруйнавала родная савецкая ўлада касьцёл, то аднаўляць будуць, каню зразумела, яго, касьцёл). Гэта будзе гістарычная несправядлівасьць! — нема лямантуюць чынавенскія дамачкі. А мы нагадаем апошняе: у касьцёле пажар раптам здарыўся, пасьля чаго новая ўлада загадна мовіла — быць яму царквой і пачала цыбуліны чапляць згары.
Лёгіка спрытная, спрытней не бывае, і ідэалягічна ўсё ў ажуры, на пяцёрку з плюсам. Апошняе слова ў рэстаўрацыі зроблена, дальбог. Новы замак гарадзенскі, дапусьцім, на што рэстаўраваць: на каралеўскі палац, на нямецкі шпіталь для лётчыкаў, ці на абкам партыі? Можа, на шпіталь? Альбо, напрыклад, зрабілі б у Каложы склад угнаеньняў, дык на што яе аднаўляць ‑‑ на сховішча для угнаеньняў, ці ўлічыць працу нашых продкаў, якія збудавалі яе пачаткова як царкву? Вось жа Стары замак зьбіраюцца рэстаўраваць як каралеўскую рэзідэнцыю, а зусім ня як афіцэрскі клюб з казіно. Парфэнон калі рэстаўраваць, дык на храм антычны, ці на парахавы склад, які ў ім учынілі туркі, захапіўшы грэкаў?
Былы езуіцкі калегіюм гарадзенскі ўладам заманулася цяпер «уперці» ЮНЕСКО ў якасьці ўнікальнага помніка дойлідзтва. Дык як рэстаўраваць будзьма: на колішнюю езуіцкую, ідэалягічна нядобранадзейную вучэльню, ці ўсё ж на сваю родную цюрагу, якая там даўно вымагае капітальнага рамонту? Бо цюрага мае больш правоў значна: яе пазьней царскія ўлады зрабілі (прыблізна адначасова — у Фары царкву, а насупраць — у калегіюме — астрог), яна там дзьвесьце гадоў, а калегіюм быў удвая меней амаль.
Чую незадаволеныя галасы: царква — яна таксама храм, як і Фара Вітаўта вашая. Так, але гэта быў менавіта касьцёл, нашыя продкі пабудавалі каталіцкі храм, які пазьней захапілі царскія акупанты. Касьцёлам ён быў, скажам, пяцьсот гадоў, а царквой толькі сто. Ці ведаюць пра ўсё гэта чыноўнікі? Вельмі і вельмі сумнеўна. Іхнія духоўныя айцы, каб дэмагагічна апраўдаць сваю брутальнасьць, сваё варварства, цынізм, так‑так, беспакаранасьць, свой жорсткі прысуд, немінучасьць выбуху, паўсюль знарочыста называлі выдатны помнік архітэктуры прымітыўна «гарнізонным касьцёлам». Маўляў, ён усяго толькі салдацкі, можна паставіць побач з казармай альбо з лазарэтам ці вайсковай сталоўкай. Ніякай каштоўнасьці, таварышы, зэро… (Казармы ўсе старыя , між іншым, улады, наадварот, захавалі да сёньняшніх дзён).
А раз так, дык тады не даставайся ж ты нікому! Ваша слова, таварыш дынаміт! А таму Фара нам тут непатрэбна больш ніколі!!! Ніколі і ні ў якай якасьці! Пры ўсім пры гэтым узгаданая раней чыноўніца заклікае любіць, цаніць і берагчы горад. А што любіць? Хрушчоўкі любіць, палацы тэкстыльшчыкаў? Пустыя месцы, дзе храмы стаялі?
Да слова: разумеючы, што ўлады‑нашчадкі тых руйнавацеляў не дадуць адбудаваць каталіцкі помнік, гарадзенскія патрыёты паміж сабой абмяркоўвалі уяўную магчымасьць аднавіць Фару ў выглядзе экумэнічнага храма, дзе маглі б праходзіць набажэнствы розных хрысьціянскіх канфэсій. А ці ведаюць цяперашнія чыноўнікі, якія заклікаюць «абажаць» былы «заходнерускі фарпост», што такія экумэнічныя службы адбываліся да апошняга часу ў каталіцкай капліцы за Нёманам? Адбываліся вымушана, прычым праваслаўныя ня ўдзельнічалі. Сумняваюся, што ведаюць.