Разам з Аўтуховічам затрымалі праваслаўнага святара, яго жонку і сына

08.12.2020 / 19:54

Дзяржаўнае тэлебачанне назвала былога палітвязня і кіраўніка службы таксі ў Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча лідарам «тэрарыстычнай банды», на рахунку якой выбухі, падпалы, напады ў Гродзенскай вобласці.

Аўтуховіч знянацку знік прыблізна год таму. Многія лічылі, што ён мог з’ехаць з Беларусі. Былы палітвязень амаль не адказваў на паведамленні ў фэйсбуку, ніхто не ведаў ягонае месцазнаходжанне. На справе ж ён заставаўся жыць у Беларусі.

Значную частку часу ён праводзіў у Брэсце ў гасцях у сям’і Разановіч. Любоў Разановіч у свой час валодала службай таксі, як і Аўтуховіч. Яна нават трымала галадоўку ў 2006 годзе.

Муж спадарыні Любові Сяргей Рэзановіч — праваслаўны святар з вёскі Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. На працу ездзіў з Брэста, настаяцелем у вёсцы быў ад 2004 года.

Іх сын Павел Разановіч працаваў у аддзеле прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста.

І Любоў, і Сяргей, і Павел Разановічы таксама затрыманыя па крымінальнай справе, па якой праходзіць Аўтуховіч. Яны знаходзяцца ў зняволенні ад 1 снежня.

ЗП