У Гомелі памерла Любоў Нятупская — тэлеграфістка, якая паведаміла ў Маскву пра Перамогу ў 1945-м

09.12.2020 / 10:28

БелТА

Любоў Нятупская памерла 6 снежня на 101-м годзе жыцця, распавёў БелТА старшыня Гомельскага гарадскога савета ветэранаў Віктар Кукушкін.

Любоў Нятупская нарадзілася ў Маскоўскай вобласці. З пачаткам вайны яна імкнулася на фронт, аднак у армію яе скіравалі не адразу, а залічылі ў асобны запасны тэлеграфны батальён.

Пасля дасведчаная тэлеграфістка была ў штабе 1-га Беларускага фронту, удзельнічала ў вызваленні Беларусі, Польшчы і Нямеччыны.

У ноч на 9 мая менавіта яна перадала ў Маскву звесткі аб падпісанні акта аб безагаворачнай капітуляцыі гітлераўскай Германіі.

У Гомель Любоў Нятупская пераехала каля 30 гадоў таму, там ужо жыла сям'я дачкі. Адзначаецца, што з горадам у спадарыні Нятупскай была сумесная значная дата: 26 лістапада — дзень яе нараджэння і Дзень вызвалення Гомеля ад нацыстаў.

Пахавалі жанчыну ў Добрушы, на радзіме зяця.