Звольнілі чэмпіёна свету па самба Сцяпана Папова. Ён таксама выказваўся за сумленныя выбары
09.12.2020 / 16:01
Чэмпіён свету і Еўропы па самба, залаты медаліст Еўрапейскіх гульняў Сцяпан Папоў размясціў на сваёй старонцы ў Instagram фатаграфію дакумента аб сваім звальненні з цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі».
Фота з інстаграма Сцяпана Папова
Вось як ён пракаментаваў гэта:
«Цяпер унікальны гістарычны час у нашай краіне, калі хтосьці можа рэзка прасунуцца па кар'ернай лесвіцы і атрымаць пасаду, аб якой марыў. Хтосьці губляе любімую працу, якой прысвяціў большую частку свайго жыцця.
Вось і мяне напаткаў лёс сумленнага беларуса, які не маўчыць! Яшчэ некалькі месяцаў таму для чыноўнікаў з Міністэрства я быў ледзь не ідэалам спартсмена. Мяне ўдастоілі гонару пранесці агонь Еўрапейскіх гульняў на галоўнай сцэне Мінска… Розныя ўзнагароды і мерапрыемствы… Былі планы, якія тычацца развіцця спорту ў Беларусі. Але так склалася, што пасля ўсіх гэтых жудасных падзей у нашай краіне мяне адразу паспрабавалі зрабіць здраднікам свайго віду спорту і каманды. А потым гэтыя ж чыноўнікі палівалі брудам у прэсе, спрабавалі зняважыць мой гонар і годнасць, прэсавалі ў кабінеце ўласнай залы.
***
Сцяпан Папоў неаднаразова выказваўся супраць гвалту з боку сілавых структур і выступаў за правядзенне сумленных выбараў.