Новая прапагандыстка СТБ Юлія Арцюх: Мне незразумела, чаму я раптам стала пачвара і поскудзь
12.12.2020 / 10:49
Юлія Арцюх рэгулярна з'яўляецца на дзяржаўным ТБ: яна і жонка афіцэра, шматдзетная маці, эксперт у розных пытаннях, памочнік дэпутата. Чытачам «Звязды» Юлія расказала пра ўласныя прынцыпы і перакананні.
— І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Прыкладна так пішуць і прадстаўляюць вас, Юля, у розных медыя. На вядомым партале з нагоды вашай актыўнай дзейнасці адзначылі: «На дзяржаўным тэлебачанні з'явіліся «спецыялісты шырокага профілю». Яны выказваюцца на розныя тэмы, «прасуюць» і самі бяруць каментарыі». Давайце разбірацца. Вы сапраўды жонка афіцэра, шматдзетная маці, удзельніца праўладных прабегаў, старшыня грамадскага аб'яднання дапамогі дзецям, хворым на фенілкетанурыю «Будучыня без межаў», вядучая СТБ і нават памочнік дэпутата?
— Усё правільна (смяецца). Я нават чытала на нейкім рэсурсе, што я палітолаг-вірусолаг, які абараняе Лукашэнку. Але яны памыліліся, «палітолаг-вірусолаг» — так прадстаўлялі іншага чалавека.
— Але ўсё роўна прызнаяце, што вы «спецыяліст шырокага профілю»?
— Я сапраўды і шматдзетная маці, і жонка афіцэра, і памочнік дэпутата, і з нядаўняга часу яшчэ і вядучая СТБ, ну і ўсё, што вы там пералічылі, — праўда. Гэта не значыць, што я «спецыяліст шырокага профілю». Я проста адукаваны чалавек, шматгранная асоба, актыўная, яшчэ можна дадаць, што я дачка свайго бацькі, сястра свайго брата, сяброўка, і можна шмат чаго яшчэ пералічваць. І я стала такой не за адзін момант. На працягу жыцця чалавек так ці інакш прымярае на сябе некалькі роляў.
Вядучай тэлебачання мне прапанавалі стаць пасля форуму, на якім я даволі эмацыянальна выступіла.
Памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Макарынай-Кібак я стала яшчэ ў 2019 годзе, мабыць, таму, што даволі актыўна мела зносіны з ёй, доктарам па прафесіі, як актывіст грамадскага аб'яднання дапамогі дзецям, хворым на фенілкетанурыю «Будучыня без межаў». У мяне дзіця нарадзілася з такім захворваннем. На самай справе ў мяне эканамічная адукацыя. Я нейкі час нават працавала па спецыяльнасці эканаміст-менеджар на ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».
— Разумею, што вы актыўны чалавек, а цяпер яшчэ і папулярны. Як вашы дзеці і родныя паставіліся да таго, што вы «знакамітасць»?
— Малодшыя дзеці, якім пяць і чатыры гады, асабліва не задумваюцца пра гэта. Хоць яны, вядома, ужо не раз бачылі мае перадачы. Яны ж маленькія, а ў дзіцячым садку выхавальнікі карэктныя і не абмяркоўваюць такія рэчы з дзецьмі. Старэйшай дачцэ 11 гадоў, яна ўсё разумее. Вядома, яна не лазіць у сацсеткі і тэлеграм-каналы. Гэта звязана з маімі перакананнямі па выхаванні дзяцей. Але ў інфармацыйны век вельмі цяжка зрабіць так, каб негатыўная інфармацыя да яе не дайшла. Яна бачыла маё выступленне на жаночым форуме, пасля якога пра мяне пачалі пісаць у медыя і сацсетках не заўсёды па-добраму.
Але справа ў тым, што я не саромеюся сваіх перакананняў, мне няма чаго баяцца, і я дачцэ тлумачу сваю пазіцыю і дапамагаю зразумець тое, што адбываецца. Але, вядома, ёсць людзі, якія падтрымліваюць маю пазіцыю, а ёсць тыя, хто з-за яе ставіцца да мяне негатыўна. І гэта нармальна. Я проста забараняю ёй размаўляць на гэтыя тэмы з іншымі дарослымі.
Калі да яе чапляюцца з роспытамі, яна рэагуе маўчаннем ці проста спыняе размову фразамі кшталту: «Я не буду гаварыць з вамі на гэтую тэму».
— У папулярнасці і напраўду ёсць два бакі. Неяк вы паскардзіліся, што вам пасля форуму пісалі СМС з пагрозамі. Скажыце, адчуваеце вы сябе сёння ў бяспецы? Можа ў вас ужо ёсць ахова…
— Так, у мяне ёсць ахова (смяецца). Гэта мой муж! У прынцыпе яшчэ да жнівеньскіх падзей любы чалавек мог сутыкнуцца з небяспекай. Я, як і любы чалавек, ад гэтага не застрахаваная. Але наша краіна лічыцца спакойнай і мірнай. Таму, скажам так, у нас, у Беларусі, адчуваю ў бяспецы больш, чым, напрыклад, калі я была ў ЗША. Магчыма, цяпер, калі пасыпаліся пагрозы на мой адрас з-за маёй грамадзянскай пазіцыі… Але ж не трэба забываць, што за пагрозы існуе адказнасць. Таму хутчэй адчуваю сябе ў бяспецы. Тым больш што ў грамадскім транспарце я езджу рэдка, звычайна на машыне. У грамадскіх месцах з'яўляюся таксама нячаста з-за пандэміі. Таму ў прынцыпе небяспекі не адчуваю.
— Калі ўпершыню да вас прыйшла эсэмэска з пагрозамі, што вы адчулі?
— Маёй першай рэакцыяй было неразуменне і здзіўленне. Магчыма, больш мяне чаплялі эсэмэскі з пагрозамі на адрас дзяцей.
Мне незразумела, чаму з-за таго, што я агучыла сваё асабістае меркаванне адкрыта, я раптам стала «пачвара і поскудзь, якую трэба забіць, пакараць смерцю асабіста». Людзі мяне наогул не ведаюць, што я за чалавек, чым жыву, што адчуваю…
Потым я проста перастала звяртаць увагу на гэтыя СМС і каментарыі ў сацсетках. Канешне, цяпер для мяне цяжка, нават, амаль немагчыма, з разуменнем ставіцца да бел-чырвона-белага сцяга і ўсяго, што пад ім прапагандуюць незалежныя СМІ і маюць на ўвазе апаненты. Але ўсё роўна я не дазволю сабе кідацца на іх з пагрозамі. Для сябе ж вырашыла так, што не магу быць для ўсіх толькі добрай або толькі дрэннай.
— Пасля падзей у жніўні ці шмат сышло сяброў з вашага атачэння? Ці былі людзі, якія перасталі з вамі размаўляць, пасля таго як вы адкрыта заявілі пра сваю пазіцыю?
— Так, канешне! Кола маіх сяброў не вельмі было шырокае, таму, напэўна, сышло і няшмат. А вось сярод знаёмых некаторыя перасталі са мной мець зносіны. Аднак прыйшло ў маё жыццё людзей значна больш. Добразычлівых, адкрытых і цікавых і па прынцыпе жыцця звычайных, а не «неверагодных».
— Падчас выступлення на рэспубліканскім жаночым форуме вы сказалі, што ваш муж перадаў прэзідэнту, што «Я касцьмі лягу, але бел-чырвона-белы сцяг ніколі не падымецца над нашай краінай! Мы гэтага не дапусцім!» Ці не здаецца вам, што такімі заявамі раскол у грамадстве не спыніць, хутчэй наадварот?
— Гэта маё асабістае бачанне. «БЧБшнікі» хочуць навязаць сваю сімволіку нашай дзяржаве, яны хочуць зрынуць майго Прэзідэнта. У агрэсіўнага чалавека гэта фраза выкліча агрэсію, а чалавек неагрэсіўны, не стане з-за фразы агрэсіўным і дасылаць мне пагрозы. Упэўнена, што людзі могуць глядзець на адну і тую ж рэч, але ўспрымаць яе па-рознаму.
Для мяне і майго мужа гэта сімволіка асацыюецца з нацыстамі і здраднікамі-беларусамі, якія разам з фашыстамі палілі вёскі і забівалі сваіх жа беларусаў.
Многія звяртаюць увагу, што прэзідэнт у 1994-м прымаў прысягу пад гэтым сцягам, але тады не было іншага. Але потым ветэраны Вялікай Айчыннай загаварылі аб змене дзяржсімволікі, таму што яна ім параніла сэрца. Я з імі згодная. На форуме я выступіла эмацыянальна. Але справа ў тым, што тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, таксама хацелі заявіць пра сябе. Бо мы такія таксама ёсць і нас шмат!
Мае сябры, родныя і шмат знаёмых галасавалі за Лукашэнку. Таму, калі з'явілася магчымасць, мы заявілі пра сябе. А зараз мы актывізаваліся і нават сталі аўтапрабегі праводзіць.
Трэба сказаць, што нас усюды сустракаюць гасцінна пад нашымі чырвона-зялёнымі сцягамі. І мы гэта цэнім і пераконваемся, што на правільным шляху.
— А як жа пратэсныя настроі ў пэўнай часткі нашага грамадства?
— Я ўпэўнена, што гэтая сітуацыя проста зрэжысіравана. Глядзіце колькі ўвагі нашай краіне. Гэта палітыка — так заўсёды было. Падагрэць насельніцтва дапамаглі і некаторыя СМІ, якія паказвалі толькі дрэннае і не былі аб'ектыўныя. Мне хацелася б пажадаць людзям у надыходзячым годзе, каб яны сталі жыць свядома. Глядзелі не толькі ў адзін бок, а выслухоўвалі абодва бакі і выпрацоўвалі сваё меркаванне, а не карысталіся чужым. Толькі так у краіне можна захаваць мір і парадак.