Аляксандра Герасіменя: Галоўнае дасягненне фонду — увядзенне санкцый супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта

18.12.2020 / 12:42

Фота з інстаграма Аляксандры Герасімені.

Алімпійскай прызёрцы Аляксандры Герасіменя праз палітычную сітуацыю давялося з'ехаць з Беларусі. Да ад’езду для яе школы плавання не падоўжылі дамову арэнды з тых жа прычын. Цяпер Аляксандра жыве ў Вільні, узначальвае Беларускі фонд спартовай салідарнасці.

— Цяжка было пакінуць сям'ю, мужа. Дапамагло, пэўна, толькі тое, што я шмат вандрую, так што доўгія раставанні для нас не ўпершыню, — кажа Аляксандра. — Складана, вядома, нават было ўявіць, што падзеі ў Беларусі выльюцца ў такія наступствы. Што мне будуць пісаць пагрозы датычна маіх выказванняў, яшчэ да таго, як я ўзначаліла фонд. Але я ні пра што ні шкадую. Шкадую толькі пра тое, што мы не выступілі супраць несумленнасці раней, не паўсталі сцяной.

Галоўным дасягненнем працы фонду на дадзены момант Аляксандра якраз лічыць увядзенне санкцый МАК супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

— Але мы таксама працуем у поўную моц датычна скасавання ці пераносу чэмпіянату свету па хакеі — 2021.

Аляксандра плануе вярнуцца ў Беларусь, як толькі зменіцца палітычная сітуацыя.

— Веру, што праз месяц-другі ўсё вырашыцца ў наш бок, у Беларусі стане спакайней, пройдуць новыя выбары, па законе, усе вінаватыя будуць пакараныя. А спартоўцы нарэшце змогуць спакойна рыхтавацца да блізкіх стартаў і спаборніцтваў, незалежна ад іх палітычных поглядаў і пазіцыі. Я актыўна ўключуся ва ўсе гэтыя працэсы на радзіме.

NN.BY